Вы находитесь на старой версии сайта "Хартия'97 - НовостиБеларуси". Замените, пожалуйста, адрес сайта Хартии в закладках. Для перехода на новый сайт нажмите здесь.
Беларуска вярнулася дадому пасля 24 гадоў рабства ў Туркменістане 15:41, 02/03/2007
У Прадстаўніцтве Міжнароднай арганізацыі па міграцыі ў Беларусі лічаць беспрэцэдэнтным вяртанне мянчанкі Валянціны Важнік пасля 24-гадовага знаходжання ў рабстве ў Туркменістане. “Гэта першы выпадак, калі беларуска вярнулася на родную зямлю пасля такога працяглага тэрміна”, – сказалі ў прадстаўніцтве.
Паведамленне ў МАМ пра працяглую адсутнасць Валянціны Важнік паступіла ад яе сваякоў. Праверка пацвердзіла, што жанчына сапраўды з’яўляецца пацярпелай, ёй дапамаглі вярнуцца на радзіму. Пры гэтым высветліць акалічнасці знаходжання беларускі ў рабстве інфармацыйнаму агенцтву БелТА у прадстаўніцтве адмовіліся, спаслаўшыся на прыватнасць гэтых звестак.
Цяпер Валянціна Важнік праходзіць курс рэабілітацыі ў менскім Доме міласэрнасці. Гэтымі днямі ёй быў уручаны пашпарт з беларускім грамадзянствам і месцам прапіскі. У прадстаўніцтве выказалі ўдзячнасць супрацоўнікам МУС за ўвагу да праблем жанчыны і, у прыватнасці, за садзейнічанне ў атрыманні пашпарту. “Без гэтага дакумента Валянціна не здолела б пачаць афармленне інваліднасці, распачаць вырашэнне пытанняў з стажам працы”, – сказалі ў прадстаўніцтве.
Міжнародная арганізацыя па міграцыі – міжурадавая ўстанова, якая налічвае 120 дзяржаў-сябраў і 19 дзяржаў-назіральнікаў, з штаб-кватэрай у Жэневе (Швейцарыя). МАМ дзейнічае па ўсім свеце больш як праз 280 сваіх аддзяленняў на месцах. У Беларусі Праграма МАМ па барацьбе з гандлем людзьмі рэалізуецца з 2002 года. На дадзены момант дапамога аказаная 1 тыс. 294 пацярпелым.