Вы находитесь на старой версии сайта "Хартия'97 - НовостиБеларуси". Замените, пожалуйста, адрес сайта Хартии в закладках. Для перехода на новый сайт нажмите здесь.
Андрэас Грос: «Дыктатарскі рэжым непрымальны для эўрапейскай супольнасьці» 11:55, 02/03/2007
У панядзелак, 5 сакавіка, у Брусэлі на паседжаньні Рады міністраў ЭЗ ізноў адбудзецца галасаваньне па беларускім пытаньні. Кіраўнікам замежнапалітычных ведамстваў належыць выказаць сваё стаўленьне да падрыхтаванай напярэдадні пастановы аб захаваньні візавых санкцыяў супраць Беларусі і аб далейшай блякадзе банкаўскіх рахункаў адказных беларускіх чыноўнікаў, уключна з Аляксандрам Лукашэнкам. Пазьней у сакавіку, на чарговым cаміце ЭЗ, заплянаваны разгляд магчымасьці ўвядзеньня эканамічных санкцыяў супраць краіны.
Наколькі могуць быць плённымі падобныя захады ЭЗ? З такім пытаньнем “Радыё Свабода” зьвярнулася да ўплывовага эўрапейскага палітыка, сябра ПАРЭ і яе падкамітэту па Беларусі, швэйцарскага сацыял-дэмакрата Андрэаса Гроса.
“Я лічу правільным, калі ЭЗ працягне візавыя санкцыі ў дачыненьні да невялікага слою беларускага грамадзтва і прадэманструе ім, беларускім кіраўнікам, якія перасьледуюць і падаўляюць тысячы нязгодных зь імі беларусаў, што ў Эўропе па-ранейшаму не жадаюць іх бачыць, што дыктатарскі рэжым непрымальны для эўрапейскай супольнасьці”, -- заявіў сябра ПАРЭ.
Ад 1-га студзеня 2007, калі шэнгенская віза пачала каштаваць для беларусаў 60 эўра, кантакты з Захадам пачынаюць быць недасягальнымі і для нязгодных з рэжымам грамадзянаў. Спадар Грос зьяўляецца крытыкам гэтых дзеяньняў ЭЗ.
“Мы, прадстаўнікі ПАРЭ лічым, што ў выніку падобнай палітыкі беларускія грамадзяне двойчы пакараныя. Спачатку іхным дыктатарам Лукашэнкам, а потым і кіраўніцтвам ЭЗ. З майго гледзішча, гэта катэгарычна няправільны крок – падвышаць візавыя кошты. Наадварот, трэба ўсяляк спрашчаць магчымасьці для паездак. Тут я вельмі расчараваны. Наша эўрапейская супольнасьць павінна ўскладняць жыцьцё дыктатарам, алігархам, намэнклятуры, а не звычайным нармальным людзям у Беларусі. Гэта ня лепшы шлях, калі людзі вымушаныя эміграваць. Захаду лепш адсочваць інфармацыю пра тых, чые капіталы асядаюць у банках Нямеччыны ці Швэйцарыі”, -- сказаў спадар Грос.
Андрэас Грос выступае за найхутчэйшае зьніжэньне візавых коштаў для звычайных беларускіх грамадзянаў.