Вы находитесь на старой версии сайта "Хартия'97 - НовостиБеларуси". Замените, пожалуйста, адрес сайта Хартии в закладках. Для перехода на новый сайт нажмите здесь.
18 лютага ў адной з кватэр Менска “Свабодны тэатр” прадстаўляў гледачам прэм’еру спектакля «InBetween». Гэта сумесны праект беларускага падпольнага тэатра з студэнтамі выгнанага з Беларусі Еўрапейскага гуманітарнага універсітэта.
Цягам некалькіх месяцаў пяць спецыялістаў “Свабоднага тэатра” выкладалі студэнтам тэатральныя дысцыпліны: Ганна Саламянская – сцэнічнае маўленне, Алег Сідорчык – акцёрскае майстэрства, Наталля Каляда – тэатральны мэнэджмент, Уладзімір Шчэрбань – рэжысуру, Мікалай Халезін – драматургію. Прамежкавым вынікам эксперыменту сталі кароткія п’есы, напісаныя студэнтамі ЕГУ. На гэтым матэрыяле Уладзімір Шчэрбань усяго за дзесяць дзён паставіў саракахвілінны спектакль «InBetween», у якім усе ролі выконвалі ўдзельнікі гэтага новаўтворанага студэнцкага тэатра, які атрымаў назву EST.
Нягледзячы на гэтакія экстрэмальныя тэрміны падрыхтоўкі, «InBetween» (Уладзімір Шчэрбань настойваў на тым, што менская прэм’ера яшчэ зусім не прэм’ера, а генеральная рэпетыцыя з гледачамі) глядзіцца завершаным паўнавартасным спектаклем. Маладыя акцёры не толькі выконваюць уласныя дыялогі і маналогі, нясмела задобраныя крыкам, істэрыкамі і лаянкай, але і ўмела суправаджаюць усё дзейства гульнёй на імправізаваных музычных інструментах, асцярожна (пакуль што) узаемадзейнічаюць з гледачом і паміж сабою. «А што далей?! А далей што?!» – такім пытаннем, знаёмым не аднаму разважнаму маладому чалавеку ў Беларусі, з надрывам завяршаецца спектакль «InBetween»…
«Мэнэджэры “Свабоднага тэатра” напярэдадні прэм’еры абышлі 37 кропак (клубаў і кафэ), але ўсюды нам было адмоўлена па вядомых прычынах, – паведаміў Мікалай Халезін нешматлікай публіцы – на традыцыйныя аб’явы ў ЖЖ адгукнулася вялізная колькасць гледачоў, але сёння мы здолелі прыняць толькі 16 чалавек, бо больш гэтая кватэра змясціць проста не можа. Дарэчы, з раніцы ў клубе, дзе мы паказвалі нашы апошнія спектаклі, гэтую прэм’еру чакае нарад міліцыі …».
5 і 6 сакавіка паўнавартасная прэм’ера спектакля будзе паказаная ў Вільнюсе ў памяшканні тэатра Meno Fortas, якім кіруе знакаміты рэжысёр Эймунтас Някрошус.