Вы находитесь на старой версии сайта "Хартия'97 - НовостиБеларуси". Замените, пожалуйста, адрес сайта Хартии в закладках. Для перехода на новый сайт нажмите здесь.
Працягваецца візыт у Вашынгтон лідэраў беларускіх партый 09:58, 02/03/2007
Дэлегацыя беларускай апазыцыі -- лідэр Партыі БНФ Вінцук Вячорка, старшыня Аб’яднанай грамадзянскай партыі Анатоль Лябедзька, першы сакратар Партыі камуністаў беларускай Сяргей Калякін, жонка палітвязьня Ірына Казуліна і старшыня рабочай групы Асамблеі няўрадавых арганізацыяў Сяргей Мацкевіч -- знаходзіцца зь візытам у Вашынгтоне.
Дэлегацыю апазыцыі прымаюць у Дзярждэпартамэнце і Кангрэсе ЗША, у Нацыянальнай радзе бясьпекі. Апроч таго, яна мае сустрэцца з прадстаўнікамі грамадзкасьці і ўплывовых мэдыяў.
Сёньня пройдуць сустрэчы з трыма кангрэсмэнамі. Сярод іх былы старшыня Хэльсынскай камісіі, рэспубліканец Крыстафэр Сьміт, паведаміла “Радыё Свабода”.
Таксама будзе сустрэча з кангрэсмэнамі Джонам Шымкусам і Тадэўсам МакКотэрам, адзін зь іх — старшыня балтыйскай групы, а другі — кіраўнік Рэспубліканскага палітычнага камітэту Палаты прадстаўнікоў.
Адбудзецца брыфінг у Міжнародным рэспубліканскім інстытуце для палітыкаў і аналітыкаў у Вашынгтоне. Ён будзе прысьвечаны сытуацыі ў Беларусі.
Плянуюцца сустрэчы і з амэрыканскімі ды эўрапейскімі дыпляматамі, удзельнікамі нарады намесьнікаў міністраў замежных справаў балтыйскіх і скандынаўскіх краінаў.
Дэлегацыя пабачыцца з амбасадарам Нямеччыны пры ўдзеле польскага, украінскага і іншых дыпляматаў.