Вы находитесь на старой версии сайта "Хартия'97 - НовостиБеларуси". Замените, пожалуйста, адрес сайта Хартии в закладках. Для перехода на новый сайт нажмите здесь.
Зьмітра Дашкевіча наведаў амбасадар місіі АБСЭ ў Беларусі 14:55, 02/03/2007
Амбасадар місіі АБСЭ Оккэ Пэтэрсан меў размову з палітвязьнем Зьмітром Дашкевічам у кабінэце кіраўніка шклоўскай папраўчай калёніі. Спадар Пэтэрсан выказаў Зьмітру словы падтрымкі й запэўніў, што пра яго памятаюць і спадзяюцца на хуткае вызваленьне, паведаміла “Радыё Свабода”. Лідэр “Маладога фронту” Зьміцер Дашкевіч паўгоду адбывае пакараньне за ўдзел у незарэгістраванай арганізацыі. Яшчэ год яму давядзецца правесьці за кратамі.
Калі амбасадар Оккэ Пэтэрсан і супрацоўніца місіі АБСЭ Сьвятлана Сянько сустракаліся са Зьмітром Дашкевічам, у кабінэце прысутнічаў намесьнік кіраўніка калёніі.
Адміністрацыя дазволіла прадстаўнікам АБСЭ перадаць Зьмітру садавіну. Яны паабяцалі, што гэтыя кіляграмы не залічаць да наступнай харчовай перадачы.
“Амбасадар казаў Зьмітру, што пра яго памятаюць. Казаў, каб ён ведаў і не губляў надзеі на сваю правату. Іхнае уражаньне, што ён трымаўся вельмі прыстойна, нават усьміхаўся. Прасіў, каб паведамілі бацькам, што ў яго ўсё добра, каб тыя не хваляваліся. Прасіў перадаваць прывітаньне каму можна. Мы чакаем ад яго ліста”, -- паведаміў бацька палітвязьня Вячаслаў Дашкевіч.
Зьміцер Дашкевіч — адзіны з палітвязьняў, хто мае тры спагнаньні за парушэньне правілаў унутранага распарадку турмы. Пра гэта бацькам паведамілі ў Дэпартамэнце выкананьня пакараньняў. Вячаслаў Дашкевіч ведае, што ягоны сын першае спагнаньне атрымаў за тое, што надзеў камізэльку, калі было халоднае надвор’е. Другое — за тое, што адышоўся на некалькі хвілінаў з атраду. Наконт трэцяга пакуль нічога не вядома.
Паводле Працэсуальна-выканаўчага кодэксу, Зьміцер цяпер ня можа прэтэндаваць на ўмоўна-датэрміновае вызваленьне. Апроч таго, няясна, ці падпадзе ён пад амністыю.
Бацькам Зьмітра Дашкевіча дазволена наведваць сына чатыры разы на год, а таксама атрымаць тры доўгатэрміновыя спатканьні. Яны спадзяюцца ўбачыць яго ў красавіку.