Вы находитесь на старой версии сайта "Хартия'97 - НовостиБеларуси". Замените, пожалуйста, адрес сайта Хартии в закладках. Для перехода на новый сайт нажмите здесь.
Міхаэль Хармс: Пры цяперашніх палітычных умовах вялікія інвестыцыі ў Беларусь не пойдуць 14:38, 05/03/2007
Пракаментаваць планы беларускага ўрада наконт прыватызацыі буйных прамысловых прадпрыемстваў “Нямецкая хваля” папрасіла Міхаэля Хармса, эксперта Усходняга камітэта нямецкай эканомікі, які нядаўна вярнуўся з Беларусі.
– Наколькі прывабная Беларусь для замежных інвестыцый у параўнанні з яе суседзямі?
– Беларусь – гэта, пэўна, адна з тых нешматлікіх усходнееўрапейскіх краін, якая прыцягнула пакуль вельмі мала замежных інвестыцый. Вядома, умовы для вядзення бізнэсу ў Беларусі неідэальныя. Гэта звязана найперш з актыўным дзяржаўным умяшаннем у эканоміку і недасканалымі рамачнымі ўмовамі, а таксама недастаткова развітой сістэмай абароны інвестыцый. З іншага боку, у Беларусі ёсць дзве пазітыўных умовы для замежных інвестыцый: краіна здолела захаваць свой прамысловы патэнцыял, прафесійнае навучанне – так што ёсць даволі добрыя кваліфікаваныя кадры. І у сельскай гаспадарцы тое, што калгасы не былі расфармаваныя, і засталіся вялікія плошчы, якія апрацоўваюцца, з’яўляецца перавагай.
– Нямецкі бізнэс найбольш актыўны ў Беларусі ў параўнанні з іншымі замежнымі інвестарамі. Ці гатовы ён павялічыць сваю інвестыцыйную актыўнасць? Што для гэтага трэба зрабіць?
– Я думаю, гэта залежыць ад некалькіх фактараў. Па-першае, ад гатоўнасці Беларусі рэальна прыняць замежныя інвестыцыі і забяспечыць празрыстыя і раўнапраўныя ўмовы для вядзення бізнэсу. Гэта, я думаю, першая і самая галоўная перадумова для таго, каб нямецкі бізнэс сюды прыйшоў. Па-другое, гэтае рашэнне палітычных праблем і прарыў той палітычнай блакады, якая цяпер ёсць у дачыненні Беларусі, паляпшэнне стасункаў з Еўрапейскім Звязам. Гэта найперш залежыць ад самой Беларусі. ЕЗ да гэтага гатовы. Я думаю, што пры цяперашніх палітычных умовах вялікія інвестыцыі ў Беларусь пакуль не пойдуць. Па-трэцяе, Беларусь сапраўды павінна быць гатовая аддаць або прыцягнуць замежныя інвестыцыі ў стратэгічныя, сапраўды цікавыя прадпрыемствы. Гэта значыць, павінны быць пэўныя прапановы для ўдзелу замежных інвестараў, разглядацца яны павінны для кожнага прадпрыемства, завода.
– Як Вы лічыце, куды менавіта, у якія галіны беларускай эканомікі нямецкі капітал можа пайсці найбольш ахвотна?
– Ну заўсёды з боку Беларусі называецца ў першую чаргу, вядома, усё, што звязана з энергетыкай, нафтахіміяй, перапрацоўкай нафтахімічных матэрыялаў. Я думаю, гэта адна з самых прывабных галін. Але я думаю, што Беларусь не павінна спадзявацца толькі на перапрацоўку расейскіх энерганосьбітаў. Беларусь як высокаіндустрыяльная краіна мае магчымасць стаць нейкай прамысловай зонай паміж ЕЗ і Расеяй з выхадам на вельмі вялікі расейскі рынак, з геаграфічнай блізкасцю да Еўропы, з добрай, але даволі таннай працоўнай сілай. Таму я думаю, што ўпор нямецкія інвестары маглі б зрабіць на прамысловую вытворчасць, высокатэхналагічную прадукцыю, прадукцыю з высокім дадатковым коштам, дзе патрэбны інжынерна-тэхнічны патэнцыял. На гэтыя галіны на месцы Беларусі я бы звярнуў вялікую ўвагу.
– Давайце трошкі пафантазіруем. Першае прадпрыемства, якое збіраюцца прадаваць беларускія ўлады, гэта, як вядома, вытворчае аб’яднанне “Белшына”. Як Вы лічыце, нямецкі аўтамабільны канцэрн Continental гатовы выкласці мільярд даляраў, пра якія гавораць беларускія ўлады, каб атрымаць кантроль над “Белшынай”?
– Я не гатовы казаць пра пэўныя сумы. Мільярд даляраў мне падаецца занадта вялікай сумай. Але тое, што Continental надалей будзе дыверсіфікаваць сваю вытворчасць і адкрываць новыя вытворчасці ў краінах з нізкім коштам працоўнай сілы – гэта безумоўна. Гэта паказвае прыклад Румыніі, дзе ў Continental ёсць ужо чатыры заводы, і між іншым, не толькі для вытворчасці шын, але і ў высокатэхналагічных сферах. Я думаю, Беларусь тут не горшая, але толькі пры ўмовах, якія я ўжо назваў, гэта значыць, палітычная разрадка, рамачныя ўмовы і гатоўнасць рэальна пусціць у краіну замежны бізнэс.