Вы находитесь на старой версии сайта "Хартия'97 - НовостиБеларуси". Замените, пожалуйста, адрес сайта Хартии в закладках. Для перехода на новый сайт нажмите здесь.
Славацкае Адраджэнне ў Берасце і Менску 16:35, 05/03/2007
Выстава “Славакія ў XVI–XIX стагоддзі” праходзіць з 14 лютага ў Беларусі. Гэты ўнікальны праект быў арганізаваны сумеснымі высілкамі Славацкага нацыянальнага музея, Міністэрства культуры і Міністэрства замежных спраў Славацкай Рэспублікі. Прадстаўленая экспазіцыя ахоплівае перыяд, які лічыцца вельмі важным для фармавання славацкай нацыі. Да гэтага выстава з вялікім поспехам прайшла ў Нямеччыне, Харватыі, Польшчы. Першым беларускім горадам, у якім была прадстаўленая экспазіцыя, стала Берасце. Творы славацкага мастацтва цягам двух тыдняў выстаўляліся ў Берасцейскім тэатры драмы і музыкі. З 26 лютага выстава прадстаўленая ў касцёле святых Сымона і Алёны (Чырвоным касцёле) у Менску.
Выстава распавядае пра фармаванне славацкай нацыі і дзяржаўнасці, з V стагоддзя да сёння, але асноўны акцэнт кампазіцыі робіцца на XVI–XIX стагоддзі. На адкрыцці выставы ў Менску Часовы Павераны ў справах Славацкай Рэспублікі і Рэспубліцы Беларусь Любамір Рэгак адзначыў, што беларускі і славацкі народы заўсёды аб’ядналі хрысціянскія каштоўнасці, і выстава паслужыць збліжэнню нашых народаў.
“Гэта была вельмі бурная эпоха, калі фармавалася славацкая нацыя. Ужо пасля Асманскага нашэсця, калі Славакія была часткай Вугорскага каралеўства, і ўся выканаўчая ўлада Вугоршчыны была перанесеная ў Браціславу. У той час Славакія іграла важную ролю ў каралеўстве. Гэта таксама была эпоха нашага нацыянальнага адраджэння. Я спадзяюся, гэтая выстава зацікавіць не толькі тых, хто цікавіцца гісторыяй Славакіі. Мне здаецца, што наведвальнікі выставы здолеюць знайсці шмат паралеляў у гістарычным развіцці беларускай і славацкай нацый. Бо яны сапраўды існуюць. На тэрыторыях нашых краін праходзіла шмат войнаў, мы падвяргаліся анексіі, але здолелі захаваць сваю незалежнасць, самабытнасць і суверэнітэт”, – заявіў у інтэрв’ю прэс-цэнтру Хартыі’97 Часовы Павераны ў справах Славацкай Рэспублікі ў Рэспубліцы Беларусь Любамір Рэгак.
Выстава ў 15 тэматычных раздзелах адлюстроўвае галоўныя падзеі і гістарычныя працэсы, якія найбольш ярка паказваюць гісторыю Славакіі. Фотарэпрадукцыі распавядаюць пра мастацкія творы і помнікі культуры, якія сведчаць пра ўзроўні развіцця і своеасаблівасці жыцця краіны. Тут можна ўбачыць малюнак Мадонны з касцёла Св. Якуба ў Лявочы (пачатак XVI стагоддзя), каранацыйных медалёў Марыі-Тэрэзіі 1741 года. Пра веліч сярэднявечнай Славакіі, дзе квітнелі гарады і архітэктура, можна судзіць па малюнках гравюр: “Аблога горада-крэпасці Камарно турэцкімі войскамі ў 1594 годзе”, “Вызваленне крэпасці Навее Замкі ад туркаў ў 1685 годзе” і “Браціслава ў канцы XVI стагоддзя” – каляровая гравюра на медзі, датаваная 1593 годам. Выстава адлюстроўвае найбольш важныя моманты гісторыі рэлігіі краіны і знаёміць наведвальнікаў з выдатнымі дзеячамі славацкай гісторыі.