Вы находитесь на старой версии сайта "Хартия'97 - НовостиБеларуси". Замените, пожалуйста, адрес сайта Хартии в закладках. Для перехода на новый сайт нажмите здесь.
ЕЗ дае Украіне «вялікі шанец» стаць бліжэй 11:22, 05/03/2007
Камісарка Еўрапейскага Звязу па пытаннях знешніх стасункаў і Еўрапейскай палітыкі суседства Беніта Ферэра-Вальднер заявіла пра тое, што новае ўзмоцненае пагадненне паміж Украінай і ЕЗ будзе заключацца выключна ў рамках еўрапейскай палітыкі суседства.
Я б хацела яшчэ раз сказаць, што гэта ўзмоцненае пагадненне будзе складацца ў рамках Еўрапейскай палітыкі суседства. Вы ведаеце, што ЕПС не прадугледжвае ўступлення, але дае вялікі шанец нашым стасункам стаць бліжэйшымі і глыбейшымі”, – сказала яна журналістам у Брусэлі перад працоўным ланчам з намеснікам міністра замежных спраў Украіны Андрэем Весялоўскім, дадаўшы, аднак, што будучыню нельга прадбачыць.
Еўракамісарка адзначыла, што новае пагадненне будзе будавацца на дзейным пагадненні аб партнёрстве і супрацоўніцтве, але будзе ўзмоцненае, у прыватнасці, за кошт з’яўлення ў ім дамовы аб стварэнні зоны свабоднага гандлю.
Беніта Ферэра-Вальднер у той самы час адзначыла, што перамовы аб стварэнні зоны свабоднага гандлю паміж Украінай і ЕЗ могуць пачацца толькі пасля далучэння Украіны да Сусветнай гандлёвай арганізацыі.
Па яе словах, у новым узмоцненым пагадненні мусяць з’явіцца палажэнні пра ўзмацненні энергетычнага супрацоўніцтва, якія будуць пабудаваныя на аснове энергетычнага мемарандума, падпісанага паміж Украінай і ЕЗ.
У сваю чаргу Андрэй Весялоўскі заявіў пра тое, што Украіна шануе шанец узмацніць стасункі з Еўразвязам. “Мы чакаем адкрыцця нашай будучыні, якое звязанае з інтэграцыяй у ЕЗ, з чым згодныя ўсе прадстаўнікі нашага грамадства. Галоўная праблема – гэта данесці гэтую ідэю да Еўракамісіі. І наша дэлегацыя гатовая зрабіць гэта”, – сказаў ён.
У панядзелак, 5 сакавіка, у Брусэлі афіцыйна пачынаюцца перамовы паміж Украінай і ЕЗ наконт падпісання новага ўзмоцненага пагаднення, якое павінна замяніць пагадненне аб партнёрстве і супрацоўніцтве, дзеянне якога завяршаецца на пачатку 2008 года, паведамляе “Корреспондент.net”.