Вы находитесь на старой версии сайта "Хартия'97 - НовостиБеларуси". Замените, пожалуйста, адрес сайта Хартии в закладках. Для перехода на новый сайт нажмите здесь.
Беларускі гісторык страціў працу з-за Касьцюшкі і Суворава 12:43, 06/03/2007
Навуковец зь Інстытуту гісторыі Акадэміі навук РБ Яўген Анішчанка звольнены з працы. Гісторык пісаў, што расейскі генэралісімус Аляксандар Сувораў быў зьнішчальнікам беларускага народу, а Тадэвуш Касьцюшка – яго героем, паведаміла сёньня польская “Gazeta Wyborcza”. “Беларускі гісторык страціў працу з-за Касьцюшкі” – гэта назоў артыкулу.
Яўген Анішчанка напісаў 13 кніжак і 370 артыкулаў, галоўным чынам пра падзел Рэчы Паспалітай. Цяпер яго прызналі неадпаведнаю асобаю для пасады навуковага супрацоўніка. Прычына й яе абгрунтаваньне сакрэтныя.
Сам Анішчанка лічыць, што яго выкінулі з працы, паколькі тое, што ён піша пра падзел, не адпавядае ідэалёгіі дзяржавы. “Кіраўніцтва Інстытуту нам заўсёды паўтарала, што мы існуем для таго, каб пільнаваць інтарэсы прэзыдэнта,” – кажа Яўген Анішчанка. Яшчэ тры гады таму навуковец хацеў абараніць доктарскую дысэртацыю на тэму падзелу Рэчы Паспалітай. Гісторык лічыць, што для яе грамадзянаў, продкаў сучасных беларусаў, падзелы былі трагедыяй. Камісія прызнала яго працу шкоднаю й не дала яму навуковай ступені.
Незалежныя экспэрты лічаць, што ўлада хоча зьнішчыць незалежную беларускую гістарыяграфію, але, у адрозьненьне ад савецкіх часоў, ня мае на гэта шанцаў, піша “Gazeta Wyborcza”.