Вы находитесь на старой версии сайта "Хартия'97 - НовостиБеларуси". Замените, пожалуйста, адрес сайта Хартии в закладках. Для перехода на новый сайт нажмите здесь.
Вядучая сусветная табачная кампанія Philip Morris скарачае аб’ём сваёй прысутнасці на беларускім рынку. Кіраўніцтва кампаніі прыняло рашэнне аб закрыцці беларускага прадстаўніцтва ў канцы кастрычніка 2007 года ў сувязі са складанасцю перамоваў з беларускім урадам і Гарадзенскай табачнай фабрыкай “Нёман” (ГТФ) аб ліцэнзійнай вытворчасці цыгарэт на ГТФ. Пра гэта паведаміла агенцтву ПРАЙМ-ТАСС крыніца, блізкая да кампаніі.
“Узровень нашай прысутнасці ў краіне павінен адпавядаць аб’ёму нашай дзелавой актыўнасці. Наш імпарцёр “АФ энд Кампаніі” не атрымаў квоту на ўвоз цыгарэт у 2007 годзе. У сувязі з гэтым мы праводзім неабходныя структурныя змены з тым, каб наша арганізацыя адказвала сённяшняй сітуацыі на тытунёвым рынку Беларусі”, – сказаў у каментары агенцтву кіраўнік па карпаратыўных пытаннях прадстаўніцтва кампаніі ў Беларусі Ігар Альхімовіч.
У той самы час ён падкрэсліў, што кампанія працуе на беларускім рынку ўжо больш як 10 гадоў і гаворка не ідзе пра прыпыненні яе дзейнасці.
Philip Morris разлічвае на поспех перамоваў па здыманні гандлёвых бар’ераў, у тым ліку ў дачыненні тытунёвых вырабаў, імпартаваных з Расеі, якія цяпер праводзяць урады Расеі і Беларусі.
“Мы спадзяемся, што вынікам перамоваў стане адмена Беларуссю квот і іншых эквівалентных ім абмежаванняў. Гэта дазволіць стварыць умовы, у якіх мы будзем працягваць задавальняць попыт на маркі цыгарэт Philip Morris сярод паўналетніх курцоў у Беларусі”, – адзначыў І.Альхімовіч.
Прадстаўніцтва Philip Morris M.S.B.V. было адчыненае ў Беларусі ў 1995 г. У 2006 г. квота на ўвоз цыгарэт кампаніі склала 0,208 млрд. штук з агульнага памеру імпартнай квоты 1,5 млрд. штук.