Вы находитесь на старой версии сайта "Хартия'97 - НовостиБеларуси". Замените, пожалуйста, адрес сайта Хартии в закладках. Для перехода на новый сайт нажмите здесь.
Пяткевіч: Канвенцыя аб гвалтоўных знікненнях для Беларусі не актуальная 11:50, 06/03/2007
Пра гэта намесніца кіраўніка Адміністрацыі прэзідэнта Беларусі Наталля Пяткевіч заявіла на прэс-канферэнцыі ў штаб-кватэры ААН. Паводле Наталлі Пяткевіч, МЗС Беларусі не будзе надаваць статус першачарговасці гэтай канвенцыі ААН. Канвенцыя ААН аб гвалтоўных знікненнях была прынятая Генасамблеяй ААН у 2006 годзе.
“Для Беларусі гэтая канвенцыя не актуальная, яна для нас іграе такое самае значэнне, як ахова азонавага слою альбо абарона галадаючых. У нас такой праблемы няма”, – заявіла Наталля Пяткевіч. Цяпер намесніца кіраўніка Адміністрацыі прэзідэнта Наталля Пяткевіч і міністр унутраных спраў Уладзімір Навумаў прадстаўляюць Беларусь на міжнароднай канферэнцыі па праблемах гандлю людзьмі, якая праходзіць у штаб-кватэры ААН.
Як адзначае РІА “Новости”, Канвенцыя аб гвалтоўных знікненнях была распрацаваная з актыўным удзелам Расеі. Вярхоўны камісар ААН Луіза Арбур назвала дадзены дакумент адным з галоўных дасягненняў года ў сферы абароны правоў і свабодаў.
У ААН плануюць стварыць спецыяльны камітэт па гвалтоўных знікненнях, які будзе разглядаць даклады краін-удзельніц і скаргі прыватных асоб. Больш таго, дзяржавы, якія ратыфікуюць канвенцыю, будуць здаваць справаздачу камітэту пра яе выкананне. Канвенцыя была ўхваленая Генасамблеяй ААН у снежні 2006 года.
Гвалтоўныя знікненні, як адзначаецца ў канвенцыі, могуць прызнавацца злачынствам супраць чалавечнасці і падпадаць пад юрысдыкцыю Міжнароднага крымінальнага суду. Між іншым, Генасамблея ААН у лістападзе 2006 года асудзіла Беларусь за незахаванне правоў чалавека і заклікала афіцыйны Менск знайсці вінаватых у знікненні апазіцыйных дзеячаў.
Нагадаем, што ў 1999–2000 гады ў Беларусі бясследна зніклі лідэры апазіцыі Юры Захаранка, Віктар Ганчар, Анатоль Красоўскі і журналіст Зміцер Завадскі. У дачыненні да выкраданняў і забойстваў апазіцыянераў падазраецца вышэйшае кіраўніцтва краіны, у тым ліку і міністр унутраных спраў Беларусі Уладзімір Навумаў.