Вы находитесь на старой версии сайта "Хартия'97 - НовостиБеларуси". Замените, пожалуйста, адрес сайта Хартии в закладках. Для перехода на новый сайт нажмите здесь.
Ганс-Герт Потэрынг: «Беларусы павінны жыць у вольнай краіне» 13:01, 06/03/2007
Штотыднёвік “Newsweek” зьмясьціў артыкул старшыні Эўрапарлямэнту Ганса-Герта Потэрынга пад назовам “Апошняя дыктатура”. Эўразьвяз павінен быць салідарны зь беларускім грамадзтвам у яго імкненьні да дэмакратыі, сьцьвярджае старшыня Эўрапейскага парлямэнту. Цягам апошніх гадоў Эўрапарлямэнт шмат увагі прысьвяціў беларускім праблемам. Беларусь належыць да шэрагу эўрапейскіх народаў. Яе жыхары заслугоўваюць, каб жыць у вольнай краіне. Свабода, дэмакратыя, правы чалавека – гэта прывілеі ня толькі выбраных людзей, піша Ганс-Герт Потэрынг на старонках “Newsweek”.
Ці Эўразьвяз можа што-колечы зрабіць, каб зьдзейсьніць мару беларусаў? Лідэр беларускай апазіцыі Аляксандар Мілінкевіч казаў пра гэта найбольш выразна, калі прамаўляў у Эўрапарлямэнце ў мінулым годзе. Ён сказаў: “Можаце зрабіць многае!”. І Эўразьвяз павінен гэта зрабіць. З 1 траўня 2004 году Беларусь і Ўкраіна маюць супольную мяжу з эўрапейскай супольнасьцю. Таму яна мае абавязак уважліва сачыць за разьвіцьцём сытуацыі ў гэтых краінах і ў адносінах зь імі адыгрываць важную ролю, упэўнены старшыня ЭП.
Беларусь - гэта выключны выпадак. На думку Потэрынга, трэба дзейнічаць так, каб яшчэ больш ізаляваць дзейную ўладу й адначасова ўзмацняць грамадзянскую супольнасьць. Эўразьвяз павінен памятаць, што вынікі прынясе толькі пасьлядоўная палітыка. Трэба падтрымліваць пазытыўныя рэчы, а ня толькі рэагаваць на нэгатыўныя здарэньні.
Сёньня ня трэба вялікіх палітычных дэклярацыяў ці абавязаньняў. Прыйшоў час працаваць на пачатковым узроўні: патрэбныя людзі, веды, фінансавая дапамога й большы палітычны ціск, каб дыкатарскі рэжым перастаў прыгнятаць сваіх грамадзянаў, -- лічыць эўрапейскі палітык.
У сваіх рэзалюцыях Эўрапарлямэнт прапануе шматлікія канкрэтныя крокі, датычныя Беларусі. Ганс-Герт Потэрынг называе некаторыя зь іх: пашырэньне сьпісу людзей, якім будзе адмаўляцца ў выдачы візаў у Эўразьвяз; замарожаньне ўсіх банкаўскіх рахункаў прадстаўнікам улады; дадатковыя фундацыі ў падтрымку незалежных СМІ. На шчасьце, многія з гэтых крокаў ужо прадпрынятыя. Аднак неабходная большая адвага й прадбачлівасьць пры іх рэалізацыі, а таксама вера, што часам немагчымае становіцца магчымым.
“Я ганаруся, што мая ўстанова падтрымлівае фармаваньне самасьвядомасьці народаў Усходняй Эўропы. Я перакананы, што Беларусь увойдзе на сьцежку дэмакратычных пераменаў. Гэта толькі пытаньне часу”, -- піша старшыня Эўрапейскага парлямэнту Ганс-Герт Потэрынг.
Эўразьвяз павінен актыўна заангажавацца ў падтрымку сваіх каштоўнасьцяў і прынцыпаў. Пашыраючыся ўплыў дэмакратыі ня можа заканчвацца на польска-беларускай мяжы. Трэба йсьці далей на Ўсход. Эўропа зацікаўленая, каб яе ўсходняя мяжа ня сталася жалезнаю заслонаю XXІ стагодзьдзя.
“Мы ня хочам, каб гэта была мяжа паміж багацтвам і беднасьцю, дабрабытам і адсутнасьцю пэрспэктываў на лепшую будучыню. Яна павінна быць сымбалем супрацы, а не чарговых падзелаў,” – піша старшыня Эўрапейскага парлямэнту Ганс-Герт Потэрынг у артыкуле “Апошняя дыктатура” на старонках штотыднёвіка “Newsweek”.