|
|
||||||||||||||||||||
![]()
УСЕ ПРАЕКТЫ
|
Васіль Несцярэнка: «Яшчэ адну аварыю ў Беларусі нам не перажыць» 11:11, 07/03/2007 “Дзевяць гадоў таму былі вельмі вялікія дэбаты ў беларускім урадзе: будаваць ці не будаваць атамныя станцыі. Мы дэталёва ўсе аспекты бяспекі праглядзелі, пераканаліся, што кадраў у Беларусі няма. Няма інфраструктуры, няма ўласнага паліва, не пабудаваныя сховішчы. І самае галоўнае, што пакуль бяспечнага тыпу рэактара няма. Мінула дзевяць гадоў, а такі рэактар не з’явіўся. Я думаю, што гэта тэхналогія высокай рызыкі”, – кажа былы дырэктар Інстытута ядзернай энергетыкі і стваральнік малагабарытнай атамнай станцыі “Памір” Васіль Несцярэнка. Па яго словах, Беларусь не здолее знайсці ў бюджэце грошы на будаўніцтва нармальнай бяспечнай АЭС, якая, больш за тое, хутка не акупіцца. Урад кажа пра неабходныя для будаўніцтва 2,5–3 мільярды даляраў, аднак: “Я ацэньваю, што калі мы будзем два блокі ставіць, то гэта абыдзецца ў суму не меншую за 10 мільярдаў даляраў. Толькі само абсталяванне будзе каштаваць больш як 5 мільярдаў, і інфраструктура столькі ж пацягне. Не толькі мы, але і нашы дзеці, і ўнукі будуць дзесяцігоддзямі выплачваць гэты доўг”, – гаворыць Васіль Несцярэнка. Раней на рэалізацыю праекту па будаўніцтве беларускай АЭС адводзілася 9 гадоў. Але прэзідэнт Аляксандр Лукашэнка даў даручэнне ўкласціся ў 4–5 гадоў. Як адаб’ецца на бяспецы скарачэнне тэрмінаў будаўніцтва і эканомнае фінансаванне? “Чарнобыль таксама датэрмінова будавалі. Ёсць такія віды дзейнасці, дзе трэба строга выконваць тэхналогіі і тэрміны. Вось тут спяшацца нельга, бо калі гэта якасна не зрабіць, то заплацім такімі аварыямі, як здарылася ў Чарнобылі”, – лічыць Васіль Несцярэнка. На пытанне, колькі гадоў неабходныя для таго, каб пабудаваць атамную станцыю з выконваннем усіх мераў бяспекі спецыяліст адказвае: “12–15 гадоў – мінімальны тэрмін. Менш не будзе. Кадры для маленькай станцыі мы рыхтавалі 10 гадоў. Падрыхтоўка інфраструктуры не пачыналася. А куды дзяваць гэтыя адыходы? Сёння ніхто не ведае, як здзяйсняць захоўванне высокаактаўных адыходаў больш за 50–70 гадоў. Гэта ахілесава пята атамнай энергетыкі. Паліва таксама няма, бо паліўны цыкл такі дарагі, што гэта могуць сабе дазволіць толькі найбагацейшыя краіны. Я думаю, што ў Расею пабяжым за палівам, тады ў чым наша незалежнасць? А раз станцыю будуем, значыць, будуць і аварыі, бо гэта тэхналогія высокай рызыкі. А яшчэ адну аварыю ў Беларусі нам не перажыць”. У 1986 годзе Васіль Несцярэнка першым забіў трывогу аб неабходнасці ёдапрафілактыкі і адсялення людзей з 100–кіламетровай зоны вакол чарнобыльскага рэактара. Цяпер ён узначальвае недзяржаўны інстытут радыяцыйнай бяспекі “Белрад”. Дагэтуль прыборы супрацоўнікаў інстытута фіксуюць у чарнобыльскай зоне забруджванне грыбоў да 50 Бк/кг і назапашаныя людзьмі дозы радыенуклідаў, якія ў 20 разоў перавышаюць дапушчальныя. “Мы будзем дзесяцігоддзі гэта ўсё расхлёбваць. Галоўная небяспека – брудныя прадукты. А цэзій вельмі павольна, дзесьці 1–2 мм у год, рухаецца. Ён знаходзіцца ў карэннезаселеным пласце. Яшчэ 30–40 гадоў, калі лічыць з сёння, забруджванне будзе. А там людзі працуюць, вырабляюць прадукцыю, спрабуюць яе прадаць, і яна, як саранча, паўзе па рэспубліцы”, – адзначае Васіль Несцярэнка. На думку Васіля Несцярэнкі, урад Беларусі не мае права выкарыстоўваць тэхналогіі такой высокай рызыкі. Ён лічыць, што Беларусь магла б развіваць ветраэнергетыку і выкарыстоўваць энергію біямасы: “Калі б дзяржава туды такія самыя грошы ўклала, як збіраецца ўкласці ў АЭС, то карысці было б больш”.
1998-2007 © Хартыя'97. E-mail: charter@charter97.org Паважаныя кaлегi, нагадваем вам, што пад час выкарыстаньня матэрыялаў сайта спасылка на прэсавы цэнтар Хартыi'97 абавязковая Рэкляма на сайце. Тэхнічная падтрымка webmaster@charter97.org. Экспарт навiнаў
|