Вы находитесь на старой версии сайта "Хартия'97 - НовостиБеларуси". Замените, пожалуйста, адрес сайта Хартии в закладках. Для перехода на новый сайт нажмите здесь.
Апошнім часам усё менш інфармацыі пра рэальнае становішча ў эканоміцы краіны і ўсё больш дадзеных закрыты грыфамі “для службовага карыстання” і “дзяржаўная тайна”.
Пацверджанне гэтаму – падпісаны 2 сакавіка ўказ №117, згодна з якім 1 сакавіка ў Беларусі паніжаныя акцызы на нафтапрадукты, а з 1 лютага ўведзеная субсідыя пастаўшчыкам давальчаскай нафты ў памеры 24 USD за тону пры ўмове пастаўкі гатовых нафтапрадуктаў на экспарт, піша Агенцтва фінансавых навін (АФН).
Варта адзначыць, што з’яўлення тэксту гэтага дакумента чакалі яшчэ ў панядзелак. Па-першае, бракавала лічбаў, каб сапраўды сказаць, як усё-ткі выраслі акцызы. Па-другое, рынак чакаў тлумачэння па пытанні выплаты субсідый пастаўшчыкам давальчаскай нафты.
Аднак сёння, калі дакумент нарэшце з’явіўся на сайце Нацыянальнага цэнтра прававой інфармацыі, пытанне з акцызамі трохі вырашылася, а вось з кампенсацыйнымі выплатамі сітуацыя незразумелая. Высветлілася, што 2 сакавіка 2007 года беларускія службоўцы паставілі на беларускі рынак нафтапрадуктаў штамп “ДСК” – для службовага карыстання. З гэтага часу беларусам недазволена ведаць механізм і велічыню субсідыі, якая выплачваецца з бюджэту краіны, пастаўшчыкам нафты.
“Пункт 2 і абзацы трэці і чацвёрты пункта 3 – для службовага карыстання”, – гаворыцца ў тэксце ўказу №117. Гэта значыць, інфармацыя, якую распаўсюдзілі ўсе СМІ – 24 USD за тону і прыкладны механізм выплаты гэтай субсідыі – з’яўляецца службовай.
Складана зразумець, чаму было прынятае такое рашэнне. Калі б на ўсю краіну былі б 2–3 пастаўшчыка нафты, ды і тыя дзяржаўнай формы ўласнасці, то можна было б паспрабаваць закрыць гэтую інфармацыю. Вось толькі ў закрыцці няма ніякага сэнсу. Няўжо беларускія ўлады, якія з самага пачатку, гэта значыць, з моманту падпісання 12 студзеня міжурадавага пагаднення паміж Расеяй і Беларуссю, павінны былі аўтаматам кампенсаваць пастаўшчыкам нафты пошліну ў 53 USD, якая выплачваецца пры імпарце расейскай нафты, асцерагаюцца, што расейскі бок будзе пярэчыць супраць гэтых 24 USD? Дык Маскве якая розніца? Крэмль свае 53 USD ужо атрымаў, а згаданыя 24 USD будуць выплачвацца з беларускага бюджэту. Што сакрэтнага ў тым, што Мазырскі НПЗ дадаткова да адзначаных 24 USD атрымае яшчэ 12 USD зверху на транспартныя выдаткі? Пры такім шырокім ужыванні грыфа “ДСК”, ужо нікога не здзіўляе, што 10–12 аператараў-пастаўшчыкоў нафты, якія працуюць у Беларусі, паняцця не маюць, на якіх умовах працуюць іх канкурэнты.