Вы находитесь на старой версии сайта "Хартия'97 - НовостиБеларуси". Замените, пожалуйста, адрес сайта Хартии в закладках. Для перехода на новый сайт нажмите здесь.
«Рэпарцёры без межаў» адзначылі адвагу жанчын, якія змагаюцца за свабоду слова ў Беларусі 10:19, 07/03/2007
Усё больш жанчын-журналістаў падвяргаюцца ў свеце гвалту. Да такой несуцяшальнай высновы напярэдадні міжнароднага жаночага свята 8 сакавіка прыйшла арганізацыя “Рэпарцёры без межаў”. Жанчыны-журналісты становяцца ахвярамі забойстваў, іх арыштоўваюць і запалохваюць, канстатуе арганізацыя. На меркаванне экспертаў, гэткае значнае пагаршэнне статыстыкі звязана як з тым, што ўсё больш жанчын у свеце становяцца журналістамі, так і з тым, што расце колькасць прадстаўніц слабага полу, якіх на небяспечныя заданні адпраўляюць рэдакцыі. Усё часцей журналісткі вядуць і небяспечныя расследаванні ўсярэдзіне іх краін.
Калі ў 2003 годзе з агульнай колькасці загінулых журналістаў на жанчын прыходзілася ўсяго 2,5 адсотка, то ўжо ў 2005 годзе гэты паказчык узрос да 13%, прыводзіць вынікі даследавання ІТАР-ТАСС.
Па дадзеных 2006 года з 82 загінулых у свеце журналістаў на жанчын прыходзіцца 9 выпадкаў, што складае 11 адсоткаў ад усіх ахвяр. Найбольш небяспечнымі для працы журналістак застаюцца краіны Блізкага Усходу і Цэнтральнай Азіі. У турмах за сваю дзейнасць у СМІ цяпер знаходзіцца 7 жанчын-журналістаў (у прыватнасці, у Шры-Ланке, Эрытрэі, Эфіёпіі, Узбекістане, Іраку і Руандзе).
Асобным радком аўтары даследавання згадваюць праваабаронцу і журналістку з “Новой газеты” Ганну Паліткоўскую, застрэленую ў пад’ездзе ўласнага дому ўвосень 2006 года. Аўтары “схіляюць галаву перад такімі жанчынамі”, якія, рызыкуючы жыццём, “выходзяць за рамкі сваіх прафесійных абавязкаў, абараняючы правы грамадзянаў” ад беззаконня.
2006 год стаў самым складаным для жанчын, якія працуюць журналістамі на постсавецкай прасторы. Так у верасні ў туркменскай турме сканала Агульсапар Мурадава, працаваўшая карэспандэнтам на радыё “Свобода” і арыштаваная ў чэрвені пасля серыі крытычных рэпартажаў і ўдзелу ў здымках дакументальнага фільма аб Туркменіі.
У суседнім Узбекістане праваабаронца і журналістка Уміда Ніязава з канца студзеня знаходзіцца за кратамі. Ёй пагражае тэрмін ад 5 да 10 гадоў за распаўсюджванне інфармацыі аб колькасці ахвяр расстрэлу мітынгу апазіцыі ў Андзіжане.
У сувязі з надыходзячым Міжнародным жаночым днём арганізацыя “Рэпарцёры без межаў” падкрэслівае “адвагу жанчын, якія змагаюцца за свабоду слова і прэсы” ў Тунісе, Туркменістане, Казахстане, Беларусі і Іарданіі.
Арганізацыя асабліва вылучае ў гэтай сферы дзейнасць жанчын з Ірана і Саудаўскай Аравіі, якія развіваюць блогерскую дзейнасць (інтэрнэт-дзённікі). У такіх блогах распаўсюджваецца інфармацыя, недаступная ў мясцовых СМІ (напрыклад, там вядзецца свабодная дыскусія аб рэлігіі). Нядаўна ў Ісламскай рэспубліцы за такую інтэрнэт-актыўнасць былі арыштаваныя каля 20 жанчын, паведамляюць “Рэпарцёры без межаў”.
Эксперты адзначаюць і няпростую сітуацыю для жанчын-журналістаў у суседнім Афганістане, дзе артадоксы дамагаюцца ўвядзення абмежаванняў для працы жанчын на тэлебачанні, а таксама імкнуцца прымусіць слабы пол насіць традыцыйную вопратку (хіджаб).