Вы находитесь на старой версии сайта "Хартия'97 - НовостиБеларуси". Замените, пожалуйста, адрес сайта Хартии в закладках. Для перехода на новый сайт нажмите здесь.
Пазіцыя Еўразвяза застаецца нязменнай 14:19, 12/03/2007
Рада Еўразвяза прадоўжыць дзеянне санкцый ў дачыненні Беларусі, паведамілі ў прэс-службе вярхоўнага прадстаўніка ЕЗ па агульнай знешняй палітыцы і бяспецы Хаўера Саланы. “Санкцыі ў дачыненні прадстаўнікоў беларускіх улад будуць падоўжаныя”, – паведаміла ў панядзелак РІА “Новости”прадстаўніца прэс-службы Саланы. Па яе словах, адпаведнае афіцыйнае рашэнне будзе прынятае Радай ЕЗ да канца сакавіка.
“Што да сцвярджэнняў у шэрагу СМІ, што ЕЗ нібыта гатовы размарозіць стасункі з кіраўніцтвам Беларусі, то такога роду высновы былі, верагодна, зробленыя пасля нядаўняга візіту ў Менск групы еўрапейскіх дыпламатаў”, – сказала суразмоўца агенцтва.
Яна падкрэсліла, што пазіцыя ЕЗ застаецца нязменнай. Матывам для згортвання Еўразвязам стасункаў з афіцыйным Менскам сталі аўтарытарныя, на думку ЕЗ, тэндэнцыі ўлады Аляксандра Лукашэнкі, ушчамленні правоў апазіцыі і парушэнні правоў чалавека ў краіне.
У ЕЗ таксама не прызналі вынікі прэзідэнцкіх выбараў у Беларусі ў сакавіку 2006 года, якія па ацэнцы ЕЗ і АБСЕ, не адпавядалі міжнародным дэмакратычным нормам.
У красавіку 2006 года ЕЗ забараніў уезд на тэрыторыю гэтай рэгіянальнай арганізацыі Аляксандру Лукашэнку і 30 беларускім службоўцам. У траўні 2006 года ЕЗ пашырыў санкцыі супраць кіраўніцтва Беларусі, замарозіўшы любыя рахункі беларускага прэзідэнта і яшчэ 35 функцыянераў у еўрапейскіх банках. А у верасні 2006 года Рада ЕЗ папоўніла спіс “неўяздных” яшчэ чатырма беларускімі дзяржслужбоўцамі пасля абвяшчэння прысуду экс-кандыдату ў прэзідэнты Беларусі Аляксандру Казуліну, якога прысудзілі да 5,5 гадоў зняволення.