Вы находитесь на старой версии сайта "Хартия'97 - НовостиБеларуси". Замените, пожалуйста, адрес сайта Хартии в закладках. Для перехода на новый сайт нажмите здесь.
Адольфа Гітлера хочуць пазбавіць нямецкага грамадзянства 15:40, 12/03/2007
Адольфа Гітлера варта пазбавіць нямецкага грамадзянства, лічаць парламентары зямлі Брауншвейг, якая 75 гадоў таму дала яму яго. Гэтая падзея дазволіла лідэру нацыстаў прыйсці да ўлады. “Лепш позна, чым ніколі”, – падумалі немцы, і цяпер маюць намер аднавіць рэпутацыю горада, які адкрыў дыктатару дарогу да ўлады.
Адміністрацыю Брауншвейга абвінавачваюць у прызначэнні 25 лютага 1932 года Гітлера на дзяржаўны пост з далейшым падаваннем выхадцу Аўстрыі грамадзянства Нямеччыны, што дазволіла яму праз усяго некалькі тыдняў удзельнічаць у прэзідэнцкіх выбарах, нагадвае The Times.
У 1932 годзе нацысты ў парламенце Брауншвейга, аднаго з двух рэгіёнаў Веймарскай рэспублікі, дзе ў той час партыя займала дамінуючыя пазіцыі, абралі Гітлера на пост дарадцы ва ўрадзе Брауншвейга. Менавіта гэтае прызначэнне дазволіла яму атрымаць грамадзянства Нямеччыны. Гітлер так і не прыступіў да выканання абавязкаў у Брауншвейгу і неўзабаве сышоў у бестэрміновы водпуск.
Гэты горад “па-ранейшаму лічаць месцам, якое дапамагло Гітлеру атрымаць нямецкае грамадзянства”, тлумачыць Ізольда Заальман, дэпутат мясцовага парламента. “Але ў гэты час горад падтрымліваў сацыял-дэмакратаў”, – сцвярджае яна. Не горад, а рэспубліка Брауншвейг, якая была апорай нацыстаў (пасля вайны яе змяніла федэральная зямля Ніжняя Саксонія), зрабіла Гітлера грамадзянінам Нямеччыны, тлумачыць яна.
Па яе словах, у Брауншвейга развіўся “комплекс” у сувязі з сваім мінулым: "Калі Ніжняя Саксонія як правапераемніца зямлі Брауншвейг дыстантуецца ад гэтага рашэння, гэта можа дапамагчы".
Кансерватыўны ўрад выступае супраць самой ідэі. "Мы не падтрымліваем такія прапановы, бо не хочам, каб склалася ўражанне, быццам мы здымаем з сябе адказнасць за здзейсненыя злачынствы", – заявіў The Times прэс-сакратар урада Ніжняй Саксоніі.
Юрысты сумняваюцца ў законнасці гэтых планаў. Канстытуцыя Нямеччыны забараняе пазбаўляць чалавека грамадзянства, калі ў выніку ён апынецца асобай без грамадзянства. Верагоднай перашкодай таксама стане тое, што Гітлер ужо памёр, падкрэсліў адзін з службоўцаў міністэрства юстыцыі Ніжняй Саксоніі.
Думка пра тое, каб пазбавіць Гітлера грамадзянства, узнікла падчас дыскусій вакол 75-ай гадавіны гэтай падзеі.