Вы находитесь на старой версии сайта "Хартия'97 - НовостиБеларуси". Замените, пожалуйста, адрес сайта Хартии в закладках. Для перехода на новый сайт нажмите здесь.
МЗС Швецыі занепакоена парушэннем правоў чалавека ў Беларусі 18:34, 12/03/2007
6 сакавіка Шведскае міністэрства замежных спраў абнародавала справаздачу аб правах чалавека ў свеце. Дакумент гэты рухтуецца шведскім МЗС штогод і будуецца на справаздачах больш як сотні шведскіх амбасад па ўсім свеце. З 2003 года канчатковая справаздача - адкрыты для грамадства дакумент.
Разам з шэрагам шведскіх дыпламатаў у прэзентацыі справаздачы прыняў удзел і Міністр замежных спраў Швецыі спадар Карл Більдт. Спадар міністр зрабіў у інтрэв’ю “Радыё Швецыі” некалькі каментараў, у тым ліку датычных Беларусі.
Напрыклад, назваў Беларусь разам з Кубай і Паўночнай Карэяй горшымі прыкладамі пераследу і прыціску сваіх грамадзян і паабяцаў, што Швецыя будзе прымаць адпаведныя захады.
- У тым, што тычыцца Беларусі, напрыклад, мы плануем значна павялічыць нашую эканамічную падтрымку. Мы будзем таксама разглядаць праблему Кубы і абмяркоўваць, што можна зрабіць у такой вельмі няпростай сітуацыі, якая склалася ў Паўночнай Карэі, - адзначыў спадар Карл Більдт.
Сярод інструментаў уплыву на недэмакратычныя дзяржавы спадар Карл Більдт прыгадаў так званыя “чорныя спісы” - спісы чыноўнікаў, якім забаронены ўезд на тэрыторыю Еўрапейскага Звязу.
- Інструмент, якім усё больш карыстаюцца ў Еўрапейскім Звязе - спісы асоб, якія на наш погляд тым альбо іншым чынам вінныя ў парушэннях грамадзянскіх правоў і свабодаў чалавека. Урад павінен ухваляць гэты спіс кожны раз, калі ён абнаўляецца, і гэта можа быць вельмі складаны працэс - вызначыць, каму трэба забараніць уезд, а каму - не, - сказаў Міністр замежных спраў Швецыі Карл Більдт на прэзентацыі справаздачы аб правах чалавека.