Вы находитесь на старой версии сайта "Хартия'97 - НовостиБеларуси". Замените, пожалуйста, адрес сайта Хартии в закладках. Для перехода на новый сайт нажмите здесь.
Улады зрываюць мітынг прадпрымальнікаў 13:06, 12/03/2007
Менгарвыканкам забараніў падключаць электраэнергію да гукаўзмацняльнай апаратуры на мітынгу прадпрымальнікаў, які праходзіць сёння на плошчы Банголор у Менску. Нягледзячы на тое, што акцыя санкцыянаваная гарадскімі ўладамі, улады перашкаджалі падрыхтоўцы акцыі: сёння раніцай у Гародні былі затрыманыя лідэры Стачкама прадпрымальнікаў Валеры Леванеўскі і Аляксандр Васільеў; цягам апошніх некалькіх дзён затрымліваліся актывісты прадпрымальніцкага руху, якія распаўсюджвалі ўлёткі з заклікам прыйсці на мітынг; на рынках забаранялі распаўсюджваць інфармацыйныя матэрыялы і не дазвалялі аб’яўляць пра акцыю, якая мае быць.
У мітынгу прадпрымальнікаў цяпер удзельнічаюць прыкладна 250 чалавек. Людзям дазволілі карыстацца толькі афіцыйнай сімволікай, таму над мітынгам раздзімаецца толькі сіні сцяг з абразам Менскай Божай Маці.
Падтрымаць прадпрымальнікаў прыйшоў лідэр дэмакратычных сілаў Аляксандр Мілінкевіч і старшыня Партыі БНФ Вінцук Вячорка.
Арганізатары акцыі заявілі, што людзі маюць намер стаяць на плошчы да 17.00 (да гэтага часу дазволена праводзіць мерапрыемства). Прадпрымальнікі выступаюць на мітынгу з дапамогай мегафона.
Нагадаем, што прадпрымальнікі першапачаткова патрабавалі дазволіць ім правядзенне мітынгу на плошчы Якуба Коласа. Прадстаўнікі малога бізнэсу пратэстуюць супраць Указа прэзідэнта № 760, які забараняе з 1 студзеня 2008 года выкарыстоўваць наёмных працаўнікоў, за выключэннем сваякоў.