Вы находитесь на старой версии сайта "Хартия'97 - НовостиБеларуси". Замените, пожалуйста, адрес сайта Хартии в закладках. Для перехода на новый сайт нажмите здесь.
25 сакавіка ў Берліне, Брусэлі і Рыме адбудуцца святкаванні 50-годдзя Еўразвяза 16:17, 13/03/2007
Брусэль рыхтуецца да святкавання 50-годдзя з дня заснавання Еўрапейскага Звяза. Святкаванні адбудуцца ў трох гарадах Еўрапейскага Звяза – у сталіцы ЕЗ – Брусэлі, у горадзе падпісання пагаднення аб стварэнні Адзінай Эканамічнай супольнасці – Рыме і ў сталіцы Нямеччыны – Берліне, якая цяпер старшынствуе ў Еўразвязе.
Асноўныя мерапрыемствы адбудуцца 24 сакавіка і пачнуцца канцэртам у культурным цэнтры Брусэля Бозар (Bozar) выкананнем дзевятай сімфоніі Людвіга Ван Бетховена, якая стала гімнам Еўрапейскага Звяза.
З урачыстай прамовай выступяць прэзідэнт Еўрапейскай камісіі Жазэ Мануэль Барозу і прэм’ер-міністр Бельгіі Гі Верхоўстадт. Далей асноўныя падзеі перамесцяцца ў Каралеўскі палац, дзе гаворка пойдзе пра важнасць еўрапейскай інтэграцыі. З прывітальнай прамовай выступі кароль Бельгіі Альберт Другі.
Сярод выступоўцаў таксама прэзідэнт Еўрапейскага парламента Ганс-Герт Потэрынг, прэзідэнт Латвіі Вайра Віке-Фрейберга і іншыя высокія асобы.
Пасля заканчэння афіцыйнай часткі адбудзецца канцэрт з удзелам такіх знакамітых выканаўцаў, як Хуліа Іглесіяс, Дэмі Русас, Лордзі, Сімплі Рэд, Скорпіанс, Шарль Азнавур, Арно і шмат іншых. Увечары неба Брусэля асвецяць залпы святочнага салюту, паведамляе “Інтэрфакс”.
У 1957 годзе ў сакавіку ў Рыме было падпісанае пагадненне паміж Нямеччынай, Францыяй, Італіяй і краінамі Бенілюкса (Бельгія, Нідэрланды, Люксембург) аб стварэнні Еўрапейскай Эканамічнай Супольнасці і Еўраатама.
Асноўны бюджэт для правядзення мерапрыемстваў складзе 2 млн. еўра, не ўключаючы фінансавага ўдзелу розных фондаў і арганізацый.