Вы находитесь на старой версии сайта "Хартия'97 - НовостиБеларуси". Замените, пожалуйста, адрес сайта Хартии в закладках. Для перехода на новый сайт нажмите здесь.
У Жлобіне расстралялі сям’ю цыганскага барона 12:45, 13/03/2007
Здарэнне адбылося каля другой гадзіны ночы 9 сакавіка. У дом па вуліцы Шасейная, дзе жылі дачка і зяць цыганскага барона, пастукаліся невядомыя. Дзьверы адчыніў зяць Людвіг Бур’янскі. Кілер стрэліў у мужчыну, а потым у яго жонку Сьвятлану, паведаміла “Польскае радыё”.
Дачка Бур’янскіх пасьпела выскачыць на двор праз акно і пабегла да дзядулі – цыганскага барона, які жыў у некалькіх хвілінах ад месца здарэння. Калі прыехалі супрацоўнікі Дэпартаменту аховы, муж і жонка былі забітыя.
Сямейную пару пахавалі у мінулую нядзелю.
– На хаўтурах было некалькі тысяч чалавек. Адных машын з украінскімі, малдаўскімі, расейскімі, румынскімі нумарамі зьехалася некалькі соцен, – кажа сусед забітых Аляксандар. – Уся вуліца была затлумлена цыганамі і гараджанамі. За працэсіяй сачылі некалькі дзесяткаў міліцыянтаў, быццам праводзілася нейкае шэсце ці мітынг. Усё ж цыганскі барон – асоба аўтарытэтная, таму забойства ягоных сваякоў – справа нечаканая.
Пракуратура Гомельскай вобласьці ўзбудзіла крымінальную справу. Вядзецца сьледзтва. Ніякіх папярэдніх вэрсіяў праваахоўныя органы пакуль не выказваюць.
Па словах суседзяў, сям’я Бур’янскіх займалася перакупкай катэджаў. Забойства магло быць зьвязана зь бізнэсам, якім займаліся цыганы. На вуліцу Шасейная яны пасяліліся толькі год таму.
– Ходзяць чуткі, што цыганы гандлявалі наркотыкамі. Кажуць, яны прадалі камусьці няякасны тавар, і іх за гэта пакаралі, – разважае сусед Бур’янскіх, які прасіў не называць ягонага імені.
У забітых мужа і жонкі засталася дачка і двое непаўнагадовых сыноў.