Вы находитесь на старой версии сайта "Хартия'97 - НовостиБеларуси". Замените, пожалуйста, адрес сайта Хартии в закладках. Для перехода на новый сайт нажмите здесь.
У Менску адбудуцца акцыі памінання ахвяр сталінізму 10:16, 13/03/2007
29 сакавіка а 17 гадзіне ў трох месцах Менска запланаванае правядзенне сімвалічных акцый памінання бязвінна загінуўшых ахвяр сталінізму. Такое рашэнне прынятае 12 сакавіка на чарговым паседжанні грамадскага аргкамітэта па ўвекавечанні памяці ахвяр рэпрэсій перыяду сталінізму з прапановы сакратара аргкамітэта Уладзіміра Раманоўскага, паведамляе БелаПАН.
Мяркуюць правядзенне акцый ва ўрочышчы Курапаты, парку Чалюскінцаў і на ўскраіне мікрараёна Лошыца. Па словах У.Раманоўскага, цягам цяперашняга тыдня неабходна завяршыць стварэнне абласных аргкамітэтаў і складанне спісу месцаў масавых расстрэлаў ахвяраў сталінізму 1920–1940-х гадоў на тэрыторыі Беларусі па матэрыялах даследаванняў навукоўцаў і інфармацыі з месцаў.
Як паведаміў даследнік тэмы сталінскіх рэпрэсій кандыдат гістарычных навук Ігар Кузняцоў, ужо сабраныя больш як 200 тыс. рублёў ахвяраванняў на ўвекавечанне памяці бязвінна загінуўшых людзей. Удзельнікі паседжання падтрымалі прапановы навукоўца пра накіраванне ў рэгіёны падпісных лістоў па зборы ахвяраванняў і завяршэнні гэтай акцыі да 1 ліпеня, а таксама пра зварот да кіраўнікоў грамадскіх арганізацый, партый і рухаў прыняць удзел у акцыі 29 сакавіка.
Па словах сустаршыні аргкамітэта пісьменніка Васіля Якавенкі, 12 сакавіка на мітынгу прадпрымальнікаў у Менску ён заклікаў усіх прысутных узяць актыўны ўдзел у мерапрыемствах, прысвечаных 70-годдзю кульмінацыі сталінскага тэрору.
На думку мастака Міколы Купавы, з 25 па 30 кастрычніка – напярэдадні Дня памяці ахвяраў сталінскіх рэпрэсій у Беларусі – варта правесці ў сталіцы шэраг мерапрыемстваў, у тым ліку навуковую канферэнцыю, адкрыццё выставы прац сяброў Беларускага саюза мастакоў, памінальнае набажэнства ў храмах усіх канфесій і дэнамінацый, дабрачынны канцэрт-рэквіем з удзелам вядомых мастацкіх калектываў краіны, мітынгі-рэквіемы на месцах масавых расстрэлаў, хвіліну маўчання ля былога будынка НКУС БССР.
На паседжанні абмяркоўваліся праекты буклета і ўлёткі, прысвечаных Году памяці.
13 сакавіка ў сталічнай штаб-кватэры Партыі БНФ адбудзецца паседжанне круглага стала беларускіх навукоўцаў па праблемах вывучэння гісторыі сталінскіх рэпрэсій.