Вы находитесь на старой версии сайта "Хартия'97 - НовостиБеларуси". Замените, пожалуйста, адрес сайта Хартии в закладках. Для перехода на новый сайт нажмите здесь.
Суды над Вячоркам і Сіўчыкам так і не пачаліся 16:36, 14/03/2007
Суды над лідэрам Партыі БНФ, старшынёй аргкамітэта па віншаванні 89-ай гадавіны абвяшчэння Беларускай Народнай Рэспублікі і адным з заяўнікаў акцыі 25 сакавіка на Кастрычніцкай плошчы ў Менску Вінцуком Вячоркам і актывістам апазіцыі Вячаславам Сіўчыкам не пачаліся дагэтуль. У канцылярыі суда Савецкага раёна заяўляюць, што не валодаюць ніякай інфармацыяй – адміністрацыйныя справы да іх не паступалі. Праваабаронца Уладзімір Лабковіч паведаміў прэс-цэнтру Хартыі’97, што юрысты абтэлефанавалі ўсе суды Менска і там таксама не казалі нічога. Калі да 18.00 Вячорку і Сіўчыка не прывязуць у суд, то адвакаты палітыкаў паедуць у спецпрыёмнік-размеркавальнік на Акрэсціна, каб дамагчыся сустрэчы з затрыманымі.
Каля будынка суда цяпер сабраліся прадстаўнікі палітычных партый, АБСЕ, амерыканскай амбасады, а таксама кіраўнік беларускага аддзялення амбасады Швецыі ў Маскве Стэфан Эрыксан, праваабаронцы, журналісты, моладзевыя актывісты, паведамляе прэс-служба Аб’яднанай грамадзянскай партыі.
Тут жа дзяжураць сваякі затрыманых: маці Вячаслава – Галіна Сіўчык, брат – Кастусь Лукашоў, жонка Вінцука Вячоркі – Арына і сын Франак.
Нагадаем, што супрацоўнікі АМАПа затрымалі лідэра Партыі БНФ Вінцука Вячорку ўчора ўвечары каля дзвярэй яго кватэры на вуліцы Кальцова. У гэты самы час быў затрыманы на сталічнай плошчы Якуба Коласа і дастаўлены ва УУС Савецкага раёна актывіст апазіцыі Вячаслаў Сіўчык. Ноч палітыкі правялі ў спецпрыёмніку-размеркавальніку на Акрэсціна.