Вы находитесь на старой версии сайта "Хартия'97 - НовостиБеларуси". Замените, пожалуйста, адрес сайта Хартии в закладках. Для перехода на новый сайт нажмите здесь.
Ута Цапф: Еўразвяз гатовы развіваць стасункі, але пасля выканання вызначаных умоў 11:28, 15/03/2007
Еўрапейскі Звяз выказвае гатоўнасць развіваць эканамічнае, гуманітарнае супрацоўніцтва з Беларуссю, але пры выкананні беларускім бокам пастаўленых раней умоў, заявіла кіраўніца Працоўнай групы парламенцкай асамблеі АБСЕ Ута Цапф у Менску на міжнародным семінары.
“Усе, хто тут прысутнічае, зацікаўленыя ў паляпшэнні нашых эканамічных стасункаў, узаемадзеянні ў пытаннях забеспячэння стабільнасці і міжнароднай бяспекі”, – адзначыла Ута Цапф.
Пры гэтым, як паведамляе “Інтэрфакс”, прадстаўніца ПА АБСЕ падкрэсліла, што “Еўропа не зацікаўленая ва ўмяшанні ў вашы стасункі з Расеяй. Мы самі хочам асобна будаваць стасункі з Расеяй і асобна будаваць стасункі з Беларуссю”, – сказала У.Цапф. Яна выказала гатоўнасць Еўрапейскай супольнасці “падтрымаць рэформы ў вашай краіне, накіраваныя, у тым ліку, і на падвышэнне стандартаў жыццёвага ўзроўню”.
“Мы маглі б дапамагчы ў руху да стварэння ўмоў для правядзення ў Беларусі справядлівых, свабодных выбараў, забеспячэння доступу да сродкаў масавай інфармацыі і атрымання незалежнай інфармацыі, арганізацыі свабодных асацыяцый, забеспячэння вяршэнства закона, празрыстасці працы судоў”, – заявіла прадстаўніца прэзідэнта АБСЕ.
Прадстаўляючы парламент Нямеччыны, У.Цапф нагадала, што яе краіна яшчэ паўгода будзе старшынстваваць у Еўрапейскім Звязе. “Мы гатовыя да супрацоўніцтва, але з умовай выканання Беларуссю ранейшых умоў. Найперш мы маем намер дамагацца вызвалення палітычных вязняў”, – сказала У.Цапф.
Акрамя таго, паводле яе слоў, Еўрапейская супольнасць па-ранейшаму ставіць перад Беларуссю пытанне аб неабходнасці адмены пакарання смерцю.
У.Цапф з шкадаваннем канстатавала, што да сёння “мы пакуль не маем такой стратэгіі ў стасунках ЕЗ і Беларусі, якую мае Еўразвяз з іншымі дзяржавамі, у прыватнасці, з Украінай”.