|
|
||||||||||||||||||||
![]()
УСЕ ПРАЕКТЫ
|
Лукашэнка раздумаў паварочвацца тварам да Захаду? 14:06, 15/03/2007 Беларуская апазіцыя гэтымі днямі актыўна рыхтуецца да Дня Волі – акцыі, якая традыцыйна праводзіцца 25 сакавіка ў памяць аб створанай у 1918 годзе Беларускай народнай рэспубліцы. Летась у гэты дзень на Кастрычніцкай плошчы Менска сабраліся некалькі тысяч чалавек, якія пратэставалі супраць фальсіфікацыі вынікаў прэзідэнцкіх выбараў. Сёлета пафас Дня Волі павінен быў стаць некалькі іншым. Пасля таго як у снежні расейска-беларускія стасункі рэзка абвастрыліся, Аляксандр Мілінкевіч, у мінулым лідэр аб’яднанай беларускай апазіцыі, напісаў Аляксандру Лукашэнку адкрыты ліст. У ім ён прапанаваў прэзідэнту сумесна змагацца супраць імперскіх амбіцый Расеі. Каб прадэманстраваць Маскве адзінства беларускага народа, пісаў спадар Мілінкевіч, Лукашэнка павінен узяць удзел у святкаванні Дня Волі. У Менску з’явіліся ўлёткі, якія заклікаюць прыйсці 25 сакавіка на Кастрычніцкую плошчу, упрыгожыўшыся не толькі традыцыйным апазіцыйным бел-чырвона-белым сцягам, але і савецка-лукашэнкаўскім – зялёна-чырвоным. У новых улётках дзень 25 сакавіка зваўся Днём беларускага адзінства – відавочна, у барацьбе з Расеяй. Нечаканая прапанова Аляксандра Мілінкевіча паступіла Аляксандру Лукашэнку як раз у момант, калі той развярнуў магутную піар-кампанію з прыцэлам на Захад: даў еўрапейскім СМІ запар некалькі інтэрв’ю, у якіх назваў сваю ранейшую арыентацыю на Расею памылкай і заявіў пра жаданне зблізіцца з Еўропай. Такім чынам, адкрыты ліст Аляксандра Мілінкевіча стаў для прэзідэнта Лукашэнкі пасам, які мог бы дазволіць яму працягнуць дыялог з Захадам. Еўрапейскія палітыкі, якія актыўна спачувалі Беларусі падчас яе зімовага супрацьстаяння з Масквой, неаднаразова заяўлялі, што гатовыя працягнуць руку Менску толькі ў тым выпадку, калі Аляксандр Лукашэнка пачне дэмакратызацыю, адпусціць палітвязняў і ўступіць у дыялог з апазіцыяй. Дзень Волі павінен быў стаць для яго тэстам: збіраецца ён збліжацца з Еўропай або яго празаходняя рыторыка была толькі тактычным ходам. Цягам месяца Аляксандр Лукашэнка ніяк не адказваў на заклік спадара Мілінкевіча. І толькі ўчора Менск прадэманстраваў, што яго стаўленне да апазіцыі засталося ранейшым і жаданне збліжацца з Еўропай прайшло. 13 сакавіка, праводзячы сваю падрыхтоўку да Дня Волі, беларускі АМАП цэлы дзень дзяжурыў у двары штаб-кватэры Партыі БНФ, якая як раз і з’яўляецца адным з арганізатараў дадзенай акцыі. Увечары таго самага дня быў арыштаваны старшыня партыі Вінцук Вячорка – старшыня аргкамітэта акцыі і меркаваны вядучы мітынгу. Учора раніцай стала вядома, што спадар Вячорка правёў ноч у прыёмніку-размеркавальніку на вуліцы Акрэсціна. Амаль у той самы час у цэнтры Менска затрымалі апазіцыянера Вячаслава Сіўчыка. Спачатку яму паведамілі, што ён знешне падобны на рабаўніка, якога цяпер шукаюць, а потым склалі пратакол “за заклікі да ўдзелу ў акцыі, на якую яшчэ не атрыманы дазвол”. Учора ўвечары суд прызнаў спадароў Вячорку і Сіўчыка вінаватымі ў дробным хуліганстве і яны былі выпушчаныя з-пад варты. Нарэшце, у ноч на сераду супрацоўнікі КДБ правялі ператрус у кватэры прэс-сакратара моладзевай арганізацыі “Малады Фронт” Барыса Гарэцкага. Учора яму паведамілі, што яму ставіцца ў віну парушэнне арт. 193.1 Крымінальнага кодэкса Беларусі (“Дзейнасць ад імя незарэгістраванай арганізацыі”). Лідэр МФ Зміцер Дашкевіч, дарэчы, ужо прысуджаны па гэтай справе да 1,5 гадоў пазбаўлення волі. Учора ў офісе БНФ адбылося паседжанне аргкамітэта Дня Волі. Намеснік старшыні Аб’яднанай грамадзянскай партыі Ігар Шынкарык заявіў, што “акцыя 25 сакавіка адбудзецца пры любых умовах” і ўдзельнічаць у ёй будуць усе апазіцыйныя лідэры, якія да таго часу застануцца на волі. Зрэшты, малаверагодна, што акцыя прыцягне на плошчу такую самую колькасць людзей, што і ў мінулым годзе. Значная частка супраціўнікаў рэжыму Лукашэнкі расчараваныя лідэрамі апазіцыі, якія за апошнія месяцы канчаткова пасварыліся. Кіраўнікі апазіцыйных партый, якія два гады таму абралі Аляксандра Мілінкевіча адзіным кандыдатам, адмовілі яму ў даверы і не лічаць яго сваім лідэрам, а ён, у сваю чаргу, адмаўляецца браць удзел у Кангрэсе беларускай апазіцыі ў выходныя. Аляксандр Лукашэнка, насупраць, адчувае сваё становішча даволі трывалым. Яму атрымалася выйграць інфармацыйную вайну супраць Расеі і, падсцёбнуўшы антырасейскія настроі, захаваць ранейшую папулярнасць у Беларусі. Акрамя таго, у Менска атрымалася выгандляваць у Масквы прымальныя ўмовы, пры якіх рэзкага абвалу беларускай эканомікі хуткім часам не адбудзецца. “Беларусь дамаўляецца з Расеяй аб крэдыце на суму $1,5 млрд. Плюс яшчэ $1 млрд. дасць Raiffeisenbank. Яшчэ $1 млрд. можна ўзяць у Кітаі. З прычыны таго, што знешні доўг у Беларусі маленькі, а экспарт – $16 млрд., праблем з гэтым узнікнуць не павінна. Потым яшчэ пачнуць прыватызацыю, што-небудзь прададуць. І года на тры грошай хопіць,– сказала Ъ Алена Ракава, эканаміст з беларускага Інстытута прыватызацыі і мэнэджменту. – Жыццё, вядома, будзе імкліва даражэць. Але ўсё роўна сацыяльнага выбуху неўзабаве не прадбачыцца”. Здаецца, Аляксандр Лукашэнка ізноў адчуў сябе дастаткова спакойна і ўпэўнена, таму новых падлашчванняў з Еўропай у хуткім часе не будзе, а Дзень Волі, мабыць, так і не стане Днём беларускага адзінства. Міхаіл Зыгар; Вадзім Доўнар, “КоммерсантЪ”
1998-2007 © Хартыя'97. E-mail: charter@charter97.org Паважаныя кaлегi, нагадваем вам, што пад час выкарыстаньня матэрыялаў сайта спасылка на прэсавы цэнтар Хартыi'97 абавязковая Рэкляма на сайце. Тэхнічная падтрымка webmaster@charter97.org. Экспарт навiнаў
|