Вы находитесь на старой версии сайта "Хартия'97 - НовостиБеларуси". Замените, пожалуйста, адрес сайта Хартии в закладках. Для перехода на новый сайт нажмите здесь.
Беларускія службоўцы хочуць у Еўропу 14:11, 16/03/2007
Працэс замацавання Еўразвяза і рэалізацыі Еўрапейскай палітыкі суседства (ЕПС) на ўсходнім напрамку без Беларусі будзе ненадзейным і незавершаным, лічаць у беларускім МЗС і так званым парламенце. “ЕЗ і Беларусь цяпер перажываюць дастаткова важны перыяд сваіх узаемінаў. Цэлая сукупнасць фактаў нядаўніх падзей, найперш у энергетычнай сферы, паказвае не толькі на мэтазгоднасць, але і на неабходнасць сур’ёзнага паляпшэння стасункаў”, – лічыць намеснік кіраўніка камісіі па міжнародных справах і сувязях з СНД “палаты прадстаўнікоў” Анатоль Красуцкі.
Красуцкі таксама адзначыў, цытуе яго “Інтэрфакс”, што “нягледзячы на блакаванне паўнавартаснай прысутнасці, Беларусь хоць і неафіцыйна, але ўдзельнічае ў палітыцы суседства”. “Немагчыма ніякімі палітычнымі дэкларацыямі, рэзалюцыямі разбурыць шматвяковую сувязь гандлёва-эканамічных, культурных, духоўных, этнічных і іншых сувязяў паміж Беларуссю і суседзямі з ЕЗ – Польшчай, Літвой, Латвіяй”, – растлумачыў ён.
“На сёння дзень Беларусі – адзіная з краін на постсавецкай прасторы мае ўзаконеную і самую працяглую мяжу з ЕЗ. Але самае галоўнае ў тым, што гэта яшчэ і самая спакойная мяжа ЕЗ на ўсходніх рубяжах”, – заявіў “палатнік”. У прыватнасці ён адзначыў, што Беларусь з’яўляецца надзейным бар’ерам на шляху транзіту наркотыкаў з Азіі ў Еўропу, пазапраўнай міграцыі і абарачэння зброі, адмывання грошай, гандлю людзьмі і іншых негатыўных з’яў.
Згодна з прынятай у траўні 2004 года канцэпцыяй, “Еўрапейская палітыка суседства” абвясціла ў якасці сваіх галоўных задач фармаванне “кальца сяброў” і “зоны стабільнасці і росквіту” ўздоўж пашыранага Еўразвяза. ЕПС падае краінам-суседзям шэраг сур’ёзных эканамічных і палітычных пераваг, сярод якіх знаходзяцца лібералізацыя рэжыму ўзаемнага гандлю, спрашчэнне рэжыму паездак, нарошчванне супрацоўніцтва ў сферы барацьбы з агульнымі пагрозамі бяспекі, пашырэнне крэдытна-інвестыцыйнага супрацоўніцтва з прыцягненнем рэсурсаў Еўрапейскага банка рэканструкцыі і развіцці і Еўрапейскага інвестыцыйнага банка.
Між іншым ступень задавальнення пэўных запатрабаванняў і рэалізацыі інтарэсаў краін-суседзяў напроста залежыць ад ступені “падтрымкі той або іншай дзяржавай дэмакратычных каштоўнасцяў”, а таксама ад наяўнасці палітычнай свабоды і рэальных магчымасцяў прытрымлівацца ўзгодненых агульнаеўрапейскіх прыярытэтаў.