Вы находитесь на старой версии сайта "Хартия'97 - НовостиБеларуси". Замените, пожалуйста, адрес сайта Хартии в закладках. Для перехода на новый сайт нажмите здесь.
Беларускія лётчыкі абстралянага ў Самалі транспартнага самалёта Іл–76 авіякампаніі “Трансавіяэкспарт” вярнуліся ў Беларусь і праходзяць медкамісію. Тым часам у самой кампаніі адбываюцца кадравыя перастаноўкі. Гендырэктар “Трансавіяэкспарту” Алег Рыжыкаў падаў у адстаўку.
Як стала вядома «Салідарнасці» з крыніц у авіяцыйнай галіне, Алег Рыжыкаў, які кіраваў кампаніяй больш за дзесяць гадоў, напісаў заяву аб звальненні. Да пенсіі яму заставалася дапрацаваць ледзь больш за паўгода. З заўтрашняга дня, 17 сакавіка, выконваць абавязкі гендырэктара авіякампаніі “Трансавіяэкспарт” будзе Георгій Егіазаран – у мінулым, намеснік кіраўніка.
– Тое, што навіна пра звальненне Рыжыкава супала з выпадкам у Самалі, выпадковасць, – сказаў “Салідарнасці” Георгій Егіазаран. – Заяву аб звальненні ён напісаў яшчэ ў сярэдзіне лютага. А падпісаная міністрам яна была, і я гэта ведаў, да 8 сакавіка. Нічога не магу сказаць наконт таго, чаму Алег Рыжыкаў прыняў такое рашэнне. Я ў яго пра гэта не пытаўся. Можа, новая праца больш прывабная.
Куды сышоў Рыжыкаў пакуль застаецца невядомым. Між іншым, як мы даведаліся з уласных крыніц, калегі яго лічаць таленавітым і цэнным спецыялістам, паважаным у прафесійных кругах. Таксама гаворыцца пра тое, што цяпер у галіне грамадзянскай авіяцыі адбываецца рэарганізацыя. Кампанія “Трансавіяэкспарт”, у сваю чаргу, перажывае сур’ёзныя эканамічныя цяжкасці, звязаныя з адсутнасцю новага рухомага складу (самалётаў), авіярухавікоў, рамонтам авіятэхнікі, падаражаннем паліва, жорсткай канкурэнцыяй на рынку авіяпаслуг.
У той самы час цяперашні кіраўнік “Трансавіяэкспарт” сцвярджае, што сур’ёзных эканамічных праблем у кампаніі няма.
– Усё адносна. У параўнанні з кімсьці мы жывем лепш, з кімсьці – горш. На жаль, цяпер ва ўсіх сусветных авіякампаніях ёсць праблемы, звязаныя, напрыклад, з падаражаннем паліва і абслугоўваннем у аэрапортах. Так што мы – не выключэнне. Але, паўтаруся, сур’ёзных эканамічных праблем у нас няма, – падагульняе суразмоўца.
Адзначым, што Георгій Егіазаран працуе ў кампаніі “Трансавіяэкспарт” з сярэдзіны 1990-х. Ён упэўнены, што выконваць абавязкі будзе часова, пакуль не прызначаць новага кіраўніка. Паралельна ён з’яўляецца старшынёй Менскага гарадскога армянскага культурна-асветніцкага таварыства “Айастан”.