|
|
||||||||||||||||||||
![]()
УСЕ ПРАЕКТЫ
|
Еўропа становіцца ўсё больш залежнай ад расейскіх энерганосьбітаў 14:03, 16/03/2007 Брытанская The Times у артыкуле “Балканскі трубаправод узмацняе хватку Пуціна ў галіне еўрапейскай энергетыкі” піша пра тое, што трансбалканскі нафтаправод будзе перапампоўваць нафту з баўгарскага порта Бургас у грэцкі Александрупаліс у Эгейскім моры, што дапаможа трохі разгрузіць праліў Басфор і дасць Расеі прамы доступ да Міжземнага мора. Дамова, падпісаная ў Афінах прэзідэнтам Пуціным і прэм’ер-міністрамі Грэцыі і Баўгарыі Костасам Караманлісам і Сяргеем Станішавым, падводзіць вынік 13 гадам перамоваў аб праекце, упершыню задуманым у 1994 годзе. Па нафтаправодзе працягласцю 279 км будзе паступаць 35 млн. тон нафты штогод пасля адкрыцця ў 2009 годзе. Патэнцыйна гэты аб’ём можа вырасці да 50 млн. тон. Расейская нафта, якая будзе дастаўляцца танкерамі па Чорным моры, будзе потым транспартавацца да Міжземнага мора для продажу ў Еўропу, ЗША і Азію. Затрымкі танкераў у Басфоры абыходзяцца нафтавым кампаніям прыкладна ў 1 млрд. даляраў у год, прычым суды часцяком затрымліваюцца на 10 дзён і больш. Расея будзе кантраляваць 51% акцый новага трубаправода праз дзяржаўныя кампаніі "Газпром", "Роснефть" і "Транснефть". Баўгарыя і Грэцыя дзеляць паміж сабою астатнія 49%. Расея забяспечвае трэцюю частку ўсёй нафты Еўразвяза і 40% неабходнага яму прыроднага газу. Дамова аб будаўніцтве трубаправода ўзмацніць расейскае дамінаванне на рынку, аднак Пуцін настойвае, што ад умацавання сеткі паставак усе краіны толькі выйграюць. Грэцыя і Баўгарыя будуць зарабляць дзесяткі мільёнаў даляраў на транзітных пошлінах ад трубаправода, разам з тым палепшыўшы сваю энергетычную бяспеку за кошт стварэння буйных нафтасховішчаў. The Guardian таксама адзначае ў загалоўку артыкула тое, што “Расея ўзмацняе кантроль за энергетычнымі пастаўкамі ЕЗ”. Падчас выступу ў Афінах, куды ён прыбыў для падпісання дамовы з баўгарскімі і грэчаскімі калегамі, прэзідэнт Расеі Уладзімір Пуцін сказаў, што гэтая доўгачаканая дамова пойдзе на карысць усім траім краінам. "Надзейны доступ да энергіі з’яўляецца закладам устойлівага развіцця нашай цывілізацыі, – сказаў Пуцін. – Такія распачынанні, як трансбалканскі нафтаправод, дэманструюць магістральны шлях развіцця шматбаковага практычнага ўзаемадзеяння ў інтарэсах усіх без выключэння дзяржаў рэгіёна, еўрапейскага кантынента ў цэлым". Аднак гэты праект узнік у той момант, калі сярод лідэраў ЕЗ расце занепакоенасць у сувязі з залежнасцю ад расейскіх нафты і газу. Расея ўжо забяспечвае трэцюю частку еўрапейскай нафты і 40% прыроднага газу. Апошняя здзелка, верагодна, яшчэ больш паглыбіць залежнасць ЕЗ ад расейскіх энерганосьбітаў у перыяд, калі надзейнасць Масквы як энергетычнага пастаўшчыка знаходзіцца пад сумненнем, піша газета. Аднак учора прэм’ер-міністр Грэцыі Костас Караманліс сказаў, што дзякуючы гэтаму трубаправоду "Грэцыя і Баўгарыя з’явяцца на сусветнай энергетычнай карце. Акрамя таго, гэта спрыяе развіццю міжнародных энергетычных рынкаў, пашыраючы доступ да нафты ў эпоху, калі энергетыка з’яўляецца фундаментальнай праблемай усяго свету". Новая дамова была падпісаная праз год пасля завяршэння будаўніцтва канкуруючага трубаправода паміж Азербайджанам і Турэччынай, які часта разглядаюць як спробу знізіць манаполію Расеі ў якасці асноўнага энергетычнага пастаўшчыка рэгіёна, якую падтрымліваюць ЗША. El Pais зазначае, што эксперты падкрэслівалі, як важна дыверсіфікаваць крыніцы забеспячэння Старога Свету, але замест гэтага Еўропа з кожным разам становіцца ўсё больш залежнай ад Расеі. Аб’ём прапампоўкі нафтаправода даўжынёй 285 км складзе 700 тысяч барэляў у дзень. Мяркуюць распачаць працы ў 2008 годзе, а ўвесці нафтаправод у эксплуатацыю – у 2010.
1998-2007 © Хартыя'97. E-mail: charter@charter97.org Паважаныя кaлегi, нагадваем вам, што пад час выкарыстаньня матэрыялаў сайта спасылка на прэсавы цэнтар Хартыi'97 абавязковая Рэкляма на сайце. Тэхнічная падтрымка webmaster@charter97.org. Экспарт навiнаў
|