Вы находитесь на старой версии сайта "Хартия'97 - НовостиБеларуси". Замените, пожалуйста, адрес сайта Хартии в закладках. Для перехода на новый сайт нажмите здесь.
Ірына Красоўская: «25 сакавіка мы выйдзем за Свабоду і Незалежнасць» 15:45, 16/03/2007
“25 сакавіка мы выйдзем на плошчу Каліноўскага за Свабоду і Незалежнасць нашай краіны. Я прыйду, каб сустрэцца з сваімі сябрамі, якія заўсёды былі побач у горы і ў радасці. Хачу ўбачыць людзей, якія запальвалі свечкі 16-га дня кожнага месяца. Хто выходзіў на плошчу Каліноўскага абараняць свой выбар. Каму неабыякавая будучыня дзяцей і будучыня краіны. І я ўпэўненая, што дзякуючы мужнасці ўсіх, хто будзе разам з намі на плошчы, Беларусь стане Свабоднай і Незалежнай. Такой яе абвясціла Рада БНР 25 сакавіка 1918 года”, – заявіла ў інтэрв’ю прэс-цэнтру Хартыі’97 лідэр ініцыятывы “Мы памятаем” Ірына Красоўская.
Ірына Красоўская нагадала, што ўжо амаль паўтара года 16-га дня кожнага месяца па ўсім свеце адбываюцца акцыі салідарнасці з сем’ямі зніклых у Беларусі палітыкаў, палітвязнямі, усімі, хто змагаецца за дэмакратычную і свабодную Беларусь.
“Гэта вялізная падтрымка для мяне і маёй сям’і, маіх сяброў, сваякоў і знаёмых. Салідарнасць – гэта тое, што дапамагае нам жыць, дапамагае нам паняць чужы боль і праблемы, робіць нас больш чуткімі і справядлівымі. Гэта тое, што не дазваляе нам забываць пра мінулае і ўсяляе надзею на будучыню. Я ўдзячная ўсім людзям, якія падтрымліваюць нас. Гэта людзі, пра якіх мы не ведалі раней, але якія ўспрынялі наша гора і нашу барацьбу за справядлівасць. Сёння сотні тысяч людзей у гарадах і краінах, шмат пра якія я толькі чытала ў кнігах, адзначаюць Дзень Салідарнасці з Беларуссю. Мае сябры ў Вашынгтоне сёння зноў выйдуць да беларускай амбасады з нацыянальнымі бел-чырвона-белымі сцягамі, партрэтамі зніклых і палітвязняў. Выйдуць на вуліцы людзі ў Брусэлі, Кіеве, Варшаве, Амстэрдаме, Парыжу, Берліне, Таліне, Вільні і мностве іншых гарадоў свету”, – паведаміла лідэрка грамадзянскай ініцыятывы “Мы памятаем”.