Вы находитесь на старой версии сайта "Хартия'97 - НовостиБеларуси". Замените, пожалуйста, адрес сайта Хартии в закладках. Для перехода на новый сайт нажмите здесь.
Вярхоўны суд адмовіўся выконваць рашэнне Рады ААН па правах чалавека 11:58, 16/03/2007
Вярхоўны суд Беларусі пакінуў без увагі рашэнне Рады ААН па правах чалавека аб аднаўленні дзейнасці ў Гомелі грамадскага аб’яднання “Грамадзянскія ініцыятывы”. У лісце з Вярхоўнага суда на імя старшыні арганізацыі Віктара Карняенкі гаворыцца, што скарга прадстаўнікоў праваабарончай арганізацыі разглядацца не будзе.
“На мой погляд, службоўцы ад правасуддзя працягваюць упарта ўжываць палажэнні ўнутраных нарматыўна-прававых актаў, і не заўважаюць пры гэтым не толькі міжнародных дамоў, удзельніцай якіх з’яўляецца Рэспубліка Беларусь, але і нормаў Канстытуцыі нашай краіны. Акрамя таго, Рэспубліка Беларусь прызнала прыярытэт агульнапрызнаных прынцыпаў міжнароднага права і ўзяла на сябе абавязак іх выконваць”, – лічыць праваабаронца, старшыня абласнога аддзялення РГА “Прававая ініцыятыва” Леанід Судаленка, паведамляе БелаПАН.
Раней “Тэлеграф” паведамляў, што Рада па правах чалавека ААН задаволіла скаргу кіраўніцтва ліквідаванай гомельскай арганізацыі ГА “Грамадзянскія ініцыятывы”. На меркаванне Рады, для ліквідацыі няўрадавай арганізацыі не было законных падстаў. Рашэнне Рады па правах чалавека ААН атрымаў кіраўнік “Грамадзянскіх ініцыятыў” Віктар Карняенка.
Ліквідаваўшы “Грамадзянскія ініцыятывы”, лічаць сябры Рады па правах чалавека ААН, беларускія ўлады парушылі арт. 22 Пакта аб грамадзянскіх і палітычных правах (права на свабоду асацыяцый). Па словах Віктара Карняенкі, усіх пецярых сяброў няўрадавай арганізацыі Рада па правах чалавека ААН прызнала ахвярамі палітычнага ціску і заклікала беларускі ўрад аднавіць рэгістрацыю аб’яднання і выплаціць кампенсаванне яе сябрам.