Вы находитесь на старой версии сайта "Хартия'97 - НовостиБеларуси". Замените, пожалуйста, адрес сайта Хартии в закладках. Для перехода на новый сайт нажмите здесь.
Форум краін-экспарцёраў газу адбудзецца 9 красавіка ў Дахе, і там будзе прынятае рашэнне аб стварэнні “газавай АПЕК” – картэлі краін-экспарцёраў газу. У Мінпрамэнерга, кіраўнік якога Віктар Хрысценка будзе прадстаўляць Расею, сцвярджаюць, што ніякіх дакументаў аб стварэнні картэлі не атрымоўвалі. Аднак NEWSru.com са спасылкай на “Коммерсант” сцвярджае, што дамоўленасць аб гэтым дасягнутая на мінулым тыдні. Проста рашэнне прымалася не на ўзроўні Міністэрстваў, а значна вышэй.
“У канферэнцыі, у прыватнасці, будзе браць удзел міністр прамысловасці і энергетыкі РФ Віктар Хрысценка, які выкажа сваё меркаванне і з нагоды стварэнні “газавага АПЕК”, – сказалі “Інтэрфаксу” ў Мінпрамэнерга, адзначыўшы, што падпісанне якіх-небудзь дакументаў аб стварэнні такой арганізацыі не запланаванае.
Як паведамляў намеснік кіраўніка міністэрства Андрэй Рэус, Расея не атрымоўвала пэўных прапаноў па стварэнні газавай АПЕК, але прывітае новыя магчымасці для энергадыялогу. “Не трэба рабіць акцэнт на слове “картэль”. Мы пакуль не атрымоўвалі якіх-небудзь пэўных прапаноў па форме і структуры магчымага аб’яднання”, – сцвярджае ён.
Па дадзеных “Коммерсанта”, рашэнне ўжо прынятае. На мінулым тыдні прэзідэнт Алжыра Абдзельазіз Буцефліка заявіў, што “газавая АПЕК” – цікавая ідэя і асабіста ён падтрымлівае стварэнне такой арганізацыі. Неўзабаве пра сваю пазіцыю абвясціла Трынідад і Табага – маленькая дзяржава ў Карыбскім моры, але пры гэтым гулец на сусветным газавым рынку. Гэтая краіна таксама заявіла пра намер узяць удзел у перамовах аб заснаванні сусветнай газавай картэлі.
Апошнім званком стаў выступ Венесуэлы. Міністр энергетыкі і нафты гэтай краіны Рафаэль Рамірэс заявіў, што Каракас “падтрымлівае ідэю “газавай АПЕК”, якая дапоўніць АПЕК, што стане выдатным механізмам для рэгулявання двух галоўных элементаў энергетычнага рынку”.
9 красавіка ў Дахе пачнецца чарговае паседжанне Форума краін-экспарцёраў газу (ГСЕФ). Гэтая арганізацыя, створаная ў 2001 годзе, аб’ядноўвае краіны, якія кантралююць больш як 70% сусветных запасаў газу. Як сцвярджаюць эксперты, дагэтуль яна была цалкам пустой структурай, якая ні на што не ўплывала. Але з гэтага часу ўсё зменіцца.
“Асноўныя гутаркі вядуцца, вядома, не газавікамі, а палітыкамі, прычым высокага ўзроўню, часам нават у абыход МЗСаў”, – заявіў газеце арабскі дыпламат.