Вы находитесь на старой версии сайта "Хартия'97 - НовостиБеларуси". Замените, пожалуйста, адрес сайта Хартии в закладках. Для перехода на новый сайт нажмите здесь.
Шэйман сустрэнецца з Уга Чавесам 11:57, 19/03/2007
Урадавая дэлегацыя Беларусі на чале з Дзяржаўным сакратаром Савета бяспекі, сустаршынёй беларуска-венесуэльскай сумеснай кампаніі высокага ўзроўню Віктарам Шэйманам накіравалася ў Венесуэлу, дзе будзе знаходзіцца да 25 сакавіка.
Як паведамілі “Інтэрфаксу” ў прэс-цэнтры Дзяржаўнага сакратарыята Савета бяспекі, падчас візіту запланаваныя перамовы В.Шэймана з прэзідэнтам Венесуэлы Уга Чавесам, іншымі вышэйшымі службовымі асобамі, “падчас якіх будзе абмеркаваны шырокі спектр актуальных пытанняў развіцця двухбаковага палітычнага, гандлёва-эканамічнага, вайсковага і ваенна-тэхнічнага супрацоўніцтва”.
Сябры беларускай дэлегацыі, паводле інфармацыі прэс-цэнтра Савета бяспекі, абмяркуюць пытанні супрацоўніцтва ў галіне нафтахіміі, энергетыкі, архітэктуры і будаўніцтва, сельскай гаспадаркі і харчавання, а таксама пытанні паставак прадукцыі беларускага машынабудавання.
У ліпені 2006 года прэзідэнт Венесуэлы Уга Чавес знаходзіўся з афіцыйным візітам у Беларусі. Падчас візіту была падпісаная дэкларацыя аб доўгатэрміновым стратэгічным партнёрстве дзвюх дзяржаў. Акрамя таго, былі падпісаныя міжурадавыя пагадненні аб супрацоўніцтве ў сферы навукі, тэхналогій, энергетыкі і нафтахіміі, а таксама мемарандумы аб узаемаразуменні ў сферы палітычных кансультацый.
21 верасня 2006 года падчас правядзення ў Гаване XIV саміту Руху недалучэння Аляксандрам Лукашэнкам і Уга Чавесам Фрыасам быў падпісаны мемарандум аб узаемадзеянні, якім было замацаванае стварэнне сумеснай камісіі высокага ўзроўню. Сустаршыні камісіі (з беларускага боку – Віктар Шэйман, з венесуэльскага – міністр энергетыкі і нафты Рафаэль Рамірэс Карэнья) прызначаюцца кіраўнікамі дзяржаў.
Перспектыўныя кірункі гандлёва-эканамічнага супрацоўніцтва – нафтахімія, сельская гаспадарка, у прыватнасці, пастаўкі беларускіх прадуктаў харчавання, навучанне ў Беларусі спецыялістаў для венесуэльскага аграпрамысловага комплексу, пастаўкі беларускіх трактароў, грузавых аўтамабіляў, кар’ерных самазвалаў, газавай апаратуры для аўтамабіляў, дарожна-будаўнічай тэхнікі.
Перспектыўнымі з’яўляюцца таксама праекты стварэння ў Венесуэле зборачных вытворчасцяў МТЗ, БелАЗ, МАЗ. Вырашаюцца пытанні стварэння сумеснага прадпрыемства па сейсмавыведкавых працах, праектавання і будаўніцтва з удзелам беларускіх спецыялістаў мікрараёна ў горадзе Каракас і трох невялікіх гарадоў.