Вы находитесь на старой версии сайта "Хартия'97 - НовостиБеларуси". Замените, пожалуйста, адрес сайта Хартии в закладках. Для перехода на новый сайт нажмите здесь.
«Süddeutsche Zeitung»: Плошча Каліноўскага стала сімвалам еднасці беларускага народа 12:08, 20/03/2007
У нямецкай газеце «Süddeutsche Zeitung» апублікаваны артыкул журналіста Інга Петца, які стаў сведкам леташніх сакавіцкіх пратэстаў. З таго часу ўезд у Беларусь яму забаронены.
Кастрычніцкая плошча ў Менску – гэта архітэктурная катастрофа. Вялізны пусты пляц, над якім дамінуе пампезны Палац Рэспублікі. Ні ў якім іншым месцы беларускай сталіцы не адчуваеш сябе гэтакім нікчэмным. Але менавіта гэтая плошча год таму стала сімвалам еднасці беларускага народа. 19 сакавіка, у дзень прэзідэнцкіх выбараў, тут сабраліся каля 20 тысяч беларусаў. Сабраліся, насуперак снежнай буры, рызыкуючы жыццём. Гэта была адна з найбуйнейшых дэманстрацый за ўсе гады кіравання Лукашэнкі.
Пратэсты на плошчы, якія цягнуліся тыдзень, скончыліся трагічна. Моладзь разагналі. Акцыя з нагоды беларускага нацыянальнага свята “Дзень Волі” таксама скончылася збіваннем удзельнікаў і масавымі затрыманнямі.
Гэтыя падзеі ў значнай ступені паўплывалі на беларускую культуру. Раней асноўны тон у ёй задавалі фаталізм і рамантыка. Літаратурныя героі з’яўляліся дэпрэсіўнымі філосафамі.
Беларускі мастак Аляксей Марачкін прысвяціў гэтым сакавіцкім падзеям карціну, якую назваў “Плошча”. Яна стала сімвалам надзеі. Увогуле гэтае палатно складаецца з сімвалаў і намёкаў, мала прыемных Лукашэнку, а таму ў музей яна здолее патрапіць толькі пасля таго, як адбудзецца змена рэжыму. Бо карціна відавочна распачынае новы этап у гісторыі нацыянальнай культуры.
Леташнія сакавіцкія падзеі ляглі ў аснову фотавыстаў, фільмаў, песень і вершаў, нярэдка сатырычных. Напрыклад, у фільме “Гудбай, Бацька”, які прадстаўляе сабою беларускую версію папулярнага нямецкага фільма “Good bye, Lenin!” замест нямецкай жанчыны, якая выпала з гістарычнага працэсу, прадметам клопату адданага сына становіцца ўкормлены айчынны абывацель – дэлегат Усенароднага сходу, што выпрабаваў глыбокае ўзрушэнне пасля асабістага кантакту з гарантам Канстытуцыі. А замест аб’яднання Нямеччыны, гаворка ідзе пра прэзідэнцкія выбары, якія скончыліся… не зусім так, як у жыцці. Дакладней – зусім не так.
У цяперашні Дзень Волі, які будзе адзначацца 25 сакавіка, апазіцыя мае намер у чарговы раз кінуць выклік рэжыму. Шматлікія дзеячы мастацтва спадзяюцца адрадзіць дух леташніх “сакавіцкіх пратэстаў”. Дэманстранты будуць спяваць песню групы N.R.M. “Усё роўна мы пераможам”, прызнаную песняй года.