|
|
||||||||||||||||||||
![]()
УСЕ ПРАЕКТЫ
|
Вінцук Вячорка: «Улады не прайшлі першага тэсту» 10:08, 20/03/2007 Адказ на заяўку падпісаў і агучыў на сустрэчы ў МГВК намесьнік яго старшыні Міхаіл Ціцянкоў (вядомы тым, што на ранейшай пасадзе кіраўніка гарадзкой управы адукацыі ў 2003 г. зачыняў Беларускі гуманітарны ліцэй). Менскія ўлады не дазволілі правесьці мітынг на плошчы Каліноўскага, спасылаючыся на арт. 9 закону “Аб масавых мерапрыемствах”, які забараняе масавыя акцыі бліжэй за 200 м ад станцыяў мэтро ды ў раёне падземных пераходаў. Дадзены дазвол правесьці шэсьце па ходніках ад Акадэмія навук да парка Дружбы народаў, дзе дазволены і мітынг. Ад арганізатараў патрабуюць заключыць дамовы з ГУУС, Менскай управай МНС, гарадзкім камітэтам аховы здароўя, “Менскзелянбудам” і “Гаррамаўтадарам” і аплаціць выдаткі на грамадзкі парадак, бясьпеку, мэдычную абслугу й прыборку тэрыторыі. Гэта пры тым, што тая ж пастанова ўскладае адказнасьць за захаваньне грамадзкага парадку на саміх арганізатараў. У сустрэчы, акрамя М.Ціцянкова, бралі ўдзел начальнік ГУУС Анатоль Куляшоў і пракурор г. Менска Мікалай Кулік. Яны папярэдзілі арганізатараў пра адказнасьць, аж да крымінальнай, за парушэньне заканадаўства. Гаворыць старшыня Арганізацыйнага камітэту Дня Волі 25 Сакавіка Вінцук Вячорка: “Сцэнар уручэньня адказу, прыдуманы ідэалягічнай управай гарвыканкаму, выклікаў хіба сумную ўсьмешку. На ўзвышэньні сядзела тыпажная “тройка”: М.Ціцянкоў, праваруч ад яго – міліцэйскі генэрал, а леваруч – пракурор. Мы, заяўнікі, сядзелі далёка ўнізе. Пракурор і міліцыянт пагрозьліва нас пужалі, а пасьля спрабавалі дамагчыся подпісаў пад папярэджаньнем. Мы адмовіліся. Увесь спэктакль здымала БТ на чале зь Леднікам. Плошчу забаранілі. Дазволілі шэсьце ад Акадэміі навук да плошчы Бангалор. Дарэчы, раней такі маршрут улады давалі Чарнобыльскаму шляху. Можа, палічылі, што мы гэта ацэнім як нечуваны лібэралізм. Але фармат сьвята вымагае праводзіць яго ў цэнтры гораду, і маем на гэта канстытуцыйнае права. Улады не прайшлі першага тэсту на новае мысьленьне. А шкада: эканамічная сытуацыя абвастраецца, пачынаюцца першыя страйкі, выйсьце – у звароце да Эўропы. Але Эўропа дапаможа толькі тады, калі будзе відавочная дэмакратызацыя, у тым ліку забесьпячэньне права на мірныя шэсьці й мітынгі, калі ўлада пойдзе насустрач грамадзтву. Дый сьвяткуем мы Дзень незалежнасьці, а незалежнасьць у пэрыяды крызысаў павінна быць пытаньнем нацыянальнага кансэнсусу, а не канфрантацыі. Калі ж улада ідзе на канфрантацыю, значыць, незалежнасьць Беларусі для яе не каштоўнасьць, а разьменная манэта. Аргкамітэт будзе абмяркоўваць сытуацыю й прымаць наступныя рашэньні. Усе ранейшыя рашэньні захоўваюць моц”.
1998-2007 © Хартыя'97. E-mail: charter@charter97.org Паважаныя кaлегi, нагадваем вам, што пад час выкарыстаньня матэрыялаў сайта спасылка на прэсавы цэнтар Хартыi'97 абавязковая Рэкляма на сайце. Тэхнічная падтрымка webmaster@charter97.org. Экспарт навiнаў
|