Вы находитесь на старой версии сайта "Хартия'97 - НовостиБеларуси". Замените, пожалуйста, адрес сайта Хартии в закладках. Для перехода на новый сайт нажмите здесь.
«25 сакавіка - гэта дзень, які далучае да зямлі, на якой нарадзіўся» 17:54, 21/03/2007
25 сакавіка, дзень утварэньня Беларускай Народнай Рэспублікі, стаў для дэмакратычна настроеных беларусаў адным з галоўных сьвятаў — Днём Волі. Карэспандэнт «Радыё Свабода» высьвятляў, як ставяцца да гэтай даты вядомыя ў краіне асобы.
Народны артыст Беларусі, кінарэжысэр Віктар Дашук называе гэты дзень асаблівым:
“Калі пражываеш даволі доўгі час, дык разумееш, што існуюць толькі тры чалавечыя каштоўнасьці: Радзіма, Бог і Каханьне. І гэта разуменьне, якое прыйшло да мяне, тлумачыць многае ў гэтым сьвеце, у тым ліку і беларускую сытуацыю.
Таму дзень 25 сакавіка для таго, хто разумее і адчувае, што такое радзіма, гэта ня проста сьвяточны дзень. Гэта дзень, які далучае яго да зямлі, на якой ён нарадзіўся”.
Старшыня Палітычнай рады Аб’яднаных дэмакратычных сілаў Аляксандар Мілінкевіч гаворыць, што для яго гэты дзень найперш вялікае сьвята:
“Паколькі я дзяржаўнік і незалежнік, то, я лічу, што гэта адна з самых выдатных падзеяў у сучаснай гісторыі Беларусі — усталяваньне дзяржаўнасьці. Я ўпэўнены, што гэтае сьвята будзе асноўным нацыянальным сьвятам у вольнай Беларусі”.
Народная артыстка Беларусі Зінаіда Бандарэнка гэтымі днямі хварэе, але 25 сакавіка абавязкова зьбіраецца сьвяткаваць:
“Самае галоўнае, што з гэтым днём лучыць надзея. Надзея на тое, што ўсё ж адбудуцца перамены, і мы будзем жыць у больш шчасьлівым, вольным, больш прывабным для ўсіх беларусаў жыцьці. Бо тое, што цяпер адбываецца, вельмі сумна. І, як бы я сябе ні пачувала, усё роўна мы ўсёй сям’ёй у гэты дзень пойдзем сьвяткаваць”.