Вы находитесь на старой версии сайта "Хартия'97 - НовостиБеларуси". Замените, пожалуйста, адрес сайта Хартии в закладках. Для перехода на новый сайт нажмите здесь.
У аэрапорце Шэймана сустрэў брат Уга Чавеса 09:54, 21/03/2007
Дзяржаўны сакратар Савета бяспекі Беларусі Віктар Шэйман у Венесуэле правядзе перамовы па пытаннях развіцця двухбаковага палітычнага, гандлёва-эканамічнага, вайсковага і ваенна-тэхнічнага супрацоўніцтва.
Урадавая дэлегацыя Беларусі на чале з Дзяржаўным сакратаром Савета бяспекі, сустаршынёй беларуска-венесуэльскай сумеснай кампаніі высокага ўзроўню В.Шэйманам прыбыла ў Венесуэлу з працоўным візітам у аўторак, дзе будзе знаходзіцца да 25 сакавіка.
У аэрапорце Дзяржсакратара Савета бяспекі Беларусі сустракаў міністр адукацыі Венесуэлы Адан Чавес – брат венесуэльскага прэзідэнта, паведамляе “Інтэрфакс”.
Чакаюць, што В.Шэйман будзе прыняты прэзідэнтам Венесуэлы Уга Чавесам.
У ліпені 2006 года прэзідэнт Венесуэлы Уга Чавес знаходзіўся з афіцыйным візітам у Беларусі. Падчас візіту была падпісаная дэкларацыя аб доўгатэрміновым стратэгічным партнёрстве дзвюх дзяржаў. Акрамя таго, былі падпісаныя міжурадавыя пагадненні аб супрацоўніцтве ў галіне навукі, тэхналогій, энергетыкі і нафтахіміі, а таксама мемарандумы аб узаемаразуменні ў сферы палітычных кансультацый.
21 верасня 2006 года падчас правядзення ў Гаване XIV саміту Руху недалучэння прэзідэнтамі Аляксандрам Лукашэнкам і Уга Чавесам Фрыасам быў падпісаны мемарандум аб узаемаразуменні, якім было замацаванае стварэнне сумеснай камісіі высокага ўзроўню.
Сустаршыні камісіі (з беларускага боку – Віктар Шэйман, з венесуэльскага – міністр энергетыкі і нафты Рафаэль Рамірэс Карэньё) прызначаныя кіраўнікамі дзяржаў.
Перспектыўнымі кірункамі гандлёва-эканамічнага супрацоўніцтва з’яўляюцца нафтахімія, сельская гаспадарка, у прыватнасці, пастаўкі беларускіх прадуктаў харчавання, навучанне ў Беларусі спецыялістаў для венесуэльскага аграпрамысловага комплексу, пастаўкі беларускіх трактароў, грузавых аўтамабіляў, кар’ерных самазвалаў, газавай апаратуры для аўтамабіляў, дарожна-будаўнічай тэхнікі.
Перспектыўнымі з’яўляюцца таксама праекты стварэння ў Венесуэле зборачных вытворчасцяў МТЗ, БелАЗ, МАЗ. Вырашаюцца пытанні стварэння сумеснага прадпрыемства па сейсмавыведкавых працах, праектаванні і будаўніцтве з удзелам беларускіх спецыялістаў мікрараёна ў горадзе Каракас і трох невялікіх гарадах.