Вы находитесь на старой версии сайта "Хартия'97 - НовостиБеларуси". Замените, пожалуйста, адрес сайта Хартии в закладках. Для перехода на новый сайт нажмите здесь.
Храма Суворава на беларускай зямлі не будзе 17:01, 22/03/2007
Вынікі грамадскай акцыі супраць прысвячэння будуемага ў г. Кобрыне храма расійскаму палкаводцу Аляксандру Сувораву далі плён. МГА “ЗБС “Бацькаўшчына”, ГА “Таварыства беларускай мовы”, ГА “Саюз беларускіх пісьменнікаў” атрымалі адказы ад Брэсцкага абласнога выканкама, Кобрынскага райвыканкама і Кобрынскага раённага савета дэпутатаў адносна прысвячэння храма, што будуецца ў Кобрыне расійскаму палкаводцу Сувораву.
У лістах кобрынскіх уладаў гаворыцца, што “ў г. Кобрыне не вядзецца будаўніцтва ніякага “Сувораўскага храма”. Такая назва неабгрунтавана была прысвоена адной з новабудоўляў праваслаўнага храма некаторымі сродкамі масавай інфармацыі і асобнымі прадстаўнікамі грамадскасці г. Кобрына. Па рашэнні Брэсцкага аблвыканкама …храм, называецца “Свято-Христорождественская церковь г. Кобрина – храм-памятник 60-летия освобождения Беларуси”.
З паведамлення прэс-службы Беларускага Экзархата стала вядома, што “ідэя надаць царкоўнаму будынку статус Сувораўскага храма-помніка ўзнікла ў нетрах некаторых расійскіх грамадскіх фондаў і рухаў, а потым была абнародавана на старонках адной з расійскіх газет, што і паслужыла повадам для яе цытавання і інтэрпрэтацыі ў іншых сродках масавай інфармацыі. Беларуская Праваслаўная царква не валодае ніякімі дакументамі, якія б сведчылі пра тое, што намеры і праекты, якія звязваць будаўніцтва Кобрынскага храма Нараджэння Хрыстова з імем Суворава, атрымалі дабраслаўленне. Меркаванні асобных сябраў кліру і паствы г. Кобрына не прэтэндуюць і не могуць прэтэндаваць на статус, выражаючы афіцыйную пазіцыю ўсей Беларускай Праваслаўнай цэрквы”.
Брэсцкі аблвыканкам адзначае, што “вялікі рускі палкаводзец А.В.Сувораў не быў кананізаваны Рускай праваслаўнай царквой, таму храм з яго імем будавацца не можа”.
Аднак ні ў адным з адказаў не тлумачыцца, якім чынам “неабгрунтавана прысвоеная назва некаторымі сродкамі масавай інфармацыі і асобнымі прадстаўнікамі грамадскасці г.Кобрына” патрапіла на латарэйныя білеты, што былі выпушчаны КУП “Бресткие лотереи” па замове заснавальніка латарэі Кобрынскага раённага выканкама, а менавіта “Храм сооружается по проекту Суворовского храма-памятника, разработанному кобринчанами и утвержденному царем – великомучеником Николаем ІІ”.
Тым не менш, маем падставы канстатаваць, што вынікі грамадскай акцыі супраць прысвячэння будуемага ў г. Кобрыне храма палкаводцу А.Сувораву далі плён: расійскаму заваёўніку не будуць маліцца на беларускай зямлі.