|
|
||||||||||||||||||||
![]()
УСЕ ПРАЕКТЫ
|
Іншая Беларусь. Нататкі з нагоды гадавіны абвяшчэння Беларускай Народнай Рэспублікі 11:34, 22/03/2007, Алесь Смалянчук, гісторык Чаму створаныя продкамі цудоўныя замкі, палацы і храмы былі знішчаныя альбо захопнікамі, альбо мясцовымі ўладамі (напр., Фара Вітаўта ў Гародні, узарваная ў лістападзе 1961 г.)? Чаму?.. А можа таму, што чалавек, які звыкся са станам матэрыяльнай і духоўнай залежнасці, які не адчувае сябе гаспадаром уласнага лёсу, не можа быць стваральнікам і захавальнікам прыгажосці чалавечага жыцця. Яму б выжыць! Пры гэтым пытанне пра сэнс падобнага “існавання-выжывання” звычайна не паўстае. Славутыя беларусы Францішак Скарына і Леў Сапега (кожны па-свойму) выказалі думку, якая магла б стаць сэнсам беларускай гісторыі: Чалавеку пачціваму нічога не можа быць даражэйшага за вольнасць. Але ні ў XVI ст., ні пазней большасць нашага грамадства не зразумела і не падзяліла гэтую ідэю. Тыя, хто ўздымаліся на барацьбу “За нашу і вашу вольнасць!”, звычайна заставаліся ў меньшасці. А вось пражане нібыта пачулі і засвоілі думку пра каштоўнасць свабоды. Яны, дарэчы, шануюць Ф.Скарыну, жыццё якога было цесна звязана з горадам над Влтавай. Якраз тут у жніўні 1517 г. была надрукаваная Біблія на беларускай мове (раней за французскую і англійскую), якраз тут напрыканцы жыцця Ф.Скарына працаваў каралеўскім батанікам і лекарам. Свабодны чалавек мог жыць толькі ў вольным горадзе. І гэты горад ушанаваў памяць славутага беларуса помнікам з тэкстамі па-беларуску і па-чэшску. Але “беларуская” Прага – гэта не толькі Францішак Скарына. Напачатку ХХ ст. сталіца тагачаснай Чэхаславакіі сталася таксама сталіцай БНР. Менавіта ў Празе з 1923 г. знаходзіўся ўрад Рэспублікі. Абвяшчэнне БНР 25 сакавіка 1918 г. сталася лагічным завяршэннем беларускага нацыянальна-культурнага Адраджэння, палітычным увасабленнем нацыянальнай ідэі і ажыццяўленнем мары пра свабоду. На вялікі жаль, адстаяць сваю рэспубліку на ўласнай зямлі не атрымалася. У віхуры ваенных і палітычных падзеяў нам, беларусам, не хапіла волі, рашучасці і разумення каштоўнасці ўласнай незалежнай дзяржавы. Ворагі аказаліся мацнейшымі. Аднак БНР не знікла. Урад Рэспублікі працаваў (і працуе) у вымушанай эміграцыі. На Альшанскіх могілках Прагі пахаваныя Старшыні Рады БНР Пётр Крэчэўскі (1879-1928) і Васіль Захарка (1877-1943). Менавіта яны ва ўмовах падзеленай і акупаванай Беларусі спрабавалі бараніць правы яе народу на свабоднае і годнае чалавека жыццё. Яны захавалі вернасць Акту абвяшчэння БНР 25 сакавіка 1918 г. В.Захарка ў адным з лістоў пісаў: Зыйсці з шляху, указанага Актам 25 сакавіка, гэта ня толькі моцна абразіць свой народ, але і запляміць імя сваіх дзяцей. Беларусь была і мусіць быць выключнай уласнасьцю Беларускага Народу. Васіль Захарка і Пётр Крэчэўскі былі пэўныя, што Беларусь здолее нармальна развівацца толькі, калі будзе сувярэннай дзяржавай. Беларуская Народная Рэспубліка жыве і застаецца надзеяй на іншую Беларусь, жыхары якой будуць заклапочаныя не выжываннем, а духоўным развіццём уласнай асобы, а кіраўнікі ніколі не дазволяць сабе публічна зневажаць сваіх падначаленых і палітычных апанентаў. У той, іншай Беларусі будзе шанавацца родная мова і культура, а настаўнікі будуць выхоўваць у дзетак пачуццё годнасці за прыналежнасць да беларускай нацыі і беларускай гісторыі. Прыклад гісторыі Чэхіі, гарадское насельніцтва якой у часы сярэднявечча было моцна анямечана, а чэшская мова аказалася нізведзенай да ўзроўня “простай”, сведчыць, што стварэнне іншай Беларусі цалкам магчымае. Дарэчы, зусім не абавязкова звяртацца да чужога вопыту. Дастаткова згадаць сітуацыю ў краіне напачатку 90-х г., калі гісторыя незалежнай Рэспублікі Беларусь толькі распачыналася. Гэта быў перыяд актыўнай міжнароднай палітыкі беларускай дзяржавы, якая хутка набывала аўтарытэт сярод еўрапейскіх і заакеанскіх партнёраў. Мы адчувалі сябе вольнымі і па-новаму глядзелі на свет вакол нас, а свет адкрываў для сябе свабодную Беларусь. Большасць беларусаў упершыню за апошнія стагоддзі пачала адкрываць для сябе прывабнасць і годнасць уласнай культуры. Безумоўна, гэта быў таксама няпросты перыяд для эканамічнага развіцця краіны, але было пачуццё, што нашыя праблемы мы вырашым самі, што толькі ад нас будзе залежыць, якой мы пакінем гэтую краіну дзецям і ўнукам. З таго часу шмат што перамянілася. Неяк непрыкметна пачуццё свабоды і ўпэўненасці ва ўласных сілах змянілася адчуваннем прыгнечанасці, забітасці і бязсілля перад тымі, хто асеў у крэслах начальнікаў. Самы час успомніць вядомыя купалаўскія радкі з верша, напісанага ў 20-я г.: Нявольніцтва й жабрацтва так нас з’ела І так нам высмактала з сэрца сок, Што нават у вочы глянуць, плюнуць смела Ня смеем, стоптаныя на пясок. Чаму ўсё змянілася? Хто ў гэтым вінаваты? Можа нашая славутая беларуская талеранцыя (ці абыякавасць?)? А магчыма перамагла звычка чакаць, што нехта за цябе ўсё зробіць, наладзіць тваё жыццё і жыццё тваіх дзяцей? Дачакаліся! Тым не менш і абвяшчэнне БНР і падзеі пачатку 90-х гг. сведчаць, што іншая Беларусь цалкам магчымая і рэальная. Вось толькі чаканне і цярплівасць наўрад ці наблізяць яе прыход. І ў Чэхіі некалі было надзвычай цяжка. “Пражскую вясну” 1968 г., якая разам з водарам першых вясновых кветак прынесла подых свабоды, перакрэсліла ваенная інтэрвенцыя. На вуліцах прыгажуні Прагі з’явіліся савецкія танкі. Аднак чэхі не скарыліся. Яны аказалі супраціў. Апошнім аплотам абаронцаў стала Чэшскае радыё. Свабодную Еўропу абляцелі словы з апошняга рэпартажу: Помніце пра нас, нават калі мы знікнем з інфармацыйных паведамленняў. У краіне наступіў час г.зв. “гусакаўскай нармалізацыі”. Пра роспач людзей і адначасна іх нежаданне мірыцца з гвалтоўным заняволеннем сведчыць трагічная смерць студэнта Яна Палаха, які спаліў сябе на Вацлаўскай плошчы ў студзені 1969 г. Пахаванне ператварылася ў масавую дэманстрацыю. Чэхі і славакі прадэманстравалі, у якой дзяржаве яны жадаюць жыць. Людзі выбіралі іншую свабодную Чэхаславакію. Дарэчы, варта звярнуць увагу, што і ў жніўні 1968 і ў траўні 1945 г. (падчас антыгітлераўскага паўстання) найбольш мужна пражане баранілі будынак свайго радыё. Свабода слова і думкі сталася адным з прыярытэтаў грамадскага жыцця. Менавіта гэтая свабода звычайна супрацьстаіць хлусні палітыкаў, якія думаюць не пра краіну, а пра захаванне асабістай улады. Чэхі не вялі ўзброенай барацьбы супраць таго рэжыма, які быў усталяваны пры дапамозе танкаў, але яны і не скарыліся. Кожнае пакаленне выхоўвалася з разуменнем каштоўнасці ўласнай свабоды і непрыяцця тых, хто прадаўся акупантам за крэсла начальніка і добры заробак. І ўрэшце рэшт краіна вярнула сабе незалежнасць, а яе жыхары – пачуццё годнасці свабоднага еўрапейскага народа. Найноўшая гісторыя Чэхіі – гэта таксама цікавы вопыт прэзідэнцтва Вацлава Гавэла. 13 гадоў ён узначальваў краіну і стаўся пэўным увасабленнем новай Чэхіі. У адным з першых інтэрв’ю ў якасці прэзідэнта В.Гавэл заявіў, што лічыць сэнсам пераменаў у грамадстве ўсталяванне ўлады Закона замест самавольства і самадурства. Прэзідэнт захаваў вернасць абвешчанай пазіцыі. Нікому з яго шматлікіх палітычных апанентаў не прыходзіла ў галаву абвінавачваць кіраўніка дзяржавы ў перавышэнні сваіх паўнамоцтваў. Таксама ніхто не меў падставаў сумнявацца ў ягонай кампетэнцыі як кіраўніка краіны. Адзінае ў чым вінавацілі В.Гавела палітычныя апаненты, дык гэта з ягонай празмернай, на іх думку, міласэрнасці. Прэзідэнт абвясціў тры амністыі і захаваў жыццё амаль 2 тыс. асуджаных на смяротнае пакаранне. В.Гавел нічога не рабіў для ўмацавання ўлады прэзідэнта, якая ў Чэхіі з’яўляецца больш сімвалічнай, чым рэальнай. Затое ён шмат зрабіў дзеля ўступлення сваёй краіны ў Еўрапейскі Саюз. На яго думку, гэты Саюз павінен закончыць эпоху войнаў, канфліктаў, стварэння сфераў уплыву, баязлівых кампрамісаў са злом і барацьбы за дамінаванне моцных над слабымі. Вацлаў Гавел не абыякавы і да беларускіх праблемаў. Менавіта ён даў магчымасць жыць і працаваць у Празе Васілю Быкаву. Ён жа палічыў патрэбным у форме асабістых лістоў падтрымаць асуджаных у нашай краіне журналістаў, бо выдатна разумее важнасць свабоднага слова і свабоднай думкі. 25 сакавіка ў Празе адбудзецца ўрачыстае святкаванне чаговай гадавіны абвяшчэння БНР. На паседжанне выступяць тыя палітыкі, які не маюць магчымасці святкаваць юбілей на Радзіме. Афіцыйная Беларусь па-ранейшым адмаўляецца ад нашага беларускага свята. Ствараецца ўражанне, што беларусаў спрабуюць пераканаць, што нічога карыснага ва ўсёй нашай гісторыі да прэзідэнцкіх выбараў 1994 г. быццам бы і не было. Імкненне зразумелае, бо ў гэтым выпадку мы не можам ні з чым параўноўваць сучасны стан дзяржаўнасці і ўзровень сучасных яе кіраўнікоў. Але гэта хлусня! Нам ёсць на каго раўняцца і не толькі ў чэшскай, але і ў сваёй уласнай гісторыі. Беларуская Народная Рэспубліка і палітычная дзейнасць яе кіраўнікоў – гэта каштоўны вопыт першай беларускай дзяржавы ў ХХ ст. Ігнараваць яго могуць толькі або неадукаваныя палітыкі, або тыя, каго на самой справе не цікавіць лёс беларускай зямлі. Вяртаючыся да гістарычнага вопыту чэхаў і славакаў, прыходзіш да высновы, што прайграць змаганне за незалежнасць не сорамна. Сорамна за яе не змагацца. Без гэтага ніколі не прыдзе час іншай Беларусі, а яе гарады ніколі не будуць нагадваць Прагу і яе насельніцтва.
1998-2007 © Хартыя'97. E-mail: charter@charter97.org Паважаныя кaлегi, нагадваем вам, што пад час выкарыстаньня матэрыялаў сайта спасылка на прэсавы цэнтар Хартыi'97 абавязковая Рэкляма на сайце. Тэхнічная падтрымка webmaster@charter97.org. Экспарт навiнаў
|