Вы находитесь на старой версии сайта "Хартия'97 - НовостиБеларуси". Замените, пожалуйста, адрес сайта Хартии в закладках. Для перехода на новый сайт нажмите здесь.
Расея адкрые свае рынкі толькі ў абмен на інвестпраекты 11:46, 22/03/2007
Кіраўнік МЗС Сяргей Лаўроў падчас выступу ў Дзярждуме, заявіў, што рэфармаванне СНД павінна здзяйсняцца ў рэчышчы лібералізацыі эканамічных рынкаў. Міністр фактычна сфармуляваў у гэтым сэнсе стратэгію Расеі. Краіна будзе адкрываць свае рынкі суседзям у абмен на свабодны доступ да рэалізацыі іх інвестыцыйных праектаў.
Умовы, якія Лаўроў паставіў сябрам Садружнасці, вызначаныя даволі жорстка. “У абмен на адкрыццё сваіх рынкаў мы маем усе падставы прасіць свабоднага доступа да рэалізацыі інвестыцыйных праектаў у краінах СНД, якія, у сваю чаргу, прадстаўляюць сабою вялізны перспектыўны рынак для збыту нашай прадукцыі, у тым ліку і прадукцыі з высокім дададзеным коштам”, – цытуюць міністра “Новые известия”.
На думку намесніка дырэктара Інстытута краін СНД Уладзіміра Жарыхіна, такая фармулёўка выспела з практыкі апошніх гадоў. Эксперт лічыць, што Расея занадта доўга дазваляла партнёрам па СНД праводзіць такую эканамічную палітыку, пры якой яны, не паступаючыся нічым, здабывалі нечуваныя выгоды. У якасці прыкладу ён прыводзіць Украіну, якая “мае вострую неабходнасць у пастаўках расейскіх энерганосьбітаў, аднак даць у абмен на іх магчымасць выкарыстання сваёй трубаправоднай сістэмы не хоча”. “Інтэграцыйныя працэсы мяркуюць узаемныя саступкі. І калі мы ў чымсьці камусьці саступаем, то мы маем права на сустрэчныя саступкі. Аднабаковае дэлегаванне скончанае”, – заяўляе Жарыхін.
У Кіеве да высунутых умоў паставіліся з цікавасцю. Прэзідэнт Цэнтра антыкрызісных даследаванняў, эксперт Нацыянальнага інстытута стратэгічных даследаванняў пры прэзідэнце Украіны Яраслаў Жаліла заявіў НИ: “Найперш трэба вызначыцца з тым, якія існуюць перашкоды для інвеставання ва Украіне. Бо на сённяшні дзень Кіеў усяляк прывітае прыток замежных інвестыцый, таму мне цяжка сказаць, на які менавіта абмен разлічвае Лаўроў. З іншага боку, сама па сабе ідэя лібералізацыі доступу на таварны рынак Расеі актуальная і важная для Украіны. Гэтая справа выгодная і перспектыўная, бо РФ застаецца нашым найважнейшым гандлёвым партнёрам. Структура ўкраінска-расейскага гандлю вельмі прагрэсіўная: у ёй высокая ўдзельная вага гатовай прадукцыі, у прыватнасці, прадукцыі машынабудавання. Я думаю, што да гэтага намеру Украіна паставіцца максімальна пазітыўна”.
Учорашняя заява Лаўрова можа быць знакавай для будавання новай эканамічнай палітыкі Расеі ў дачыненні СНД, лічыць выданне. Бо на сучаснай постсавецкай прасторы не засталося месца для агульнай ідэалогіі, а СНД знаходзіцца ў стане найбольшай раз’яднанасці за ўвесь перыяд свайго існавання. І калі РФ дэкларуе адзіныя правілы для ўсіх, гэта робіць яе эканамічную палітыку ў рамках СНД больш прадказальнай.
Цяпер, напрыклад, Арменія ў кошт пагашэння дзярждоўгу згодная на перадачу сваіх прадпрыемстваў ва ўласнасць Расеі і на маштабную праграму тавараабмену. А Беларусь патрабуе для сябе нязменных ільгот і саступак практычна ва ўсіх аспектах эканамічных узаемінаў.