Вы находитесь на старой версии сайта "Хартия'97 - НовостиБеларуси". Замените, пожалуйста, адрес сайта Хартии в закладках. Для перехода на новый сайт нажмите здесь.
Еўрапарламент падтрымлівае паніжэнне кошту роўмінгу 13:09, 22/03/2007
Камітэт па эканамічных і манетарных справах Еўрапарламента на паседжанні 21 сакавіка падтрымаў прапанову Еўракамісіі аб увядзенні спецыяльнага заканадаўства, накіраванага на паніжэнне кошту роўмінгу пры званках з мабільных тэлефонаў з-за мяжы на 70% ужо гэтым летам.
Паводле паведамлення прэс-службы Еўракамісіі, камісар ЕЗ па пытаннях інфармацыйнага грамадства і медыя Вівіан Рыдзінг прывітала гэтае рашэнне камітэта.
“Гэта вельмі добры старт заканадаўчага працэсу наконт роўмінгу ў ЕЗ”, – цытуецца ў паведамленні Рыдзінг.
У паведамленні таксама адзначаецца, што сёння павінна адбыцца галасаванне наконт праекту гэтага дакладу ў камітэтах Еўрапарламента па пытаннях культуры і адукацыі, а таксама па пытаннях унутранага рынку і абароны правоў спажыўцоў.
12 красавіка сваю пазіцыю вызначыць камітэт па пытаннях прамысловасці, навукі і энергетыкі, а ў траўні – адбудзецца галасаванне ў сесійнай зале Еўрапарламента, а 7 чэрвеня адбудзецца паседжанне Савета міністраў па пытаннях тэлекамунікацый ЕЗ, на якім таксама плануецца абмеркаваць гэтае пытанне.
У паведамленні таксама адзначаецца, што сёння дыскусійнымі застаюцца два пытанні: ці павінны ўсе аператары аўтаматычна атрымоўваць права на карыстанне танным роўмінгам у рамках новага заканадаўства, або толькі па жаданні, а таксама, якім павінен быць максімальна дазволены памер платы за роўмінг для спажыўцоў: на сёння прапановы вар’іруюцца ад 0,40 да 0,50 цэнтаў за званкі, зробленыя за мяжой, і ад 0,15 да 0,25 цэнтаў за званкі, атрыманыя за мяжой.