Вы находитесь на старой версии сайта "Хартия'97 - НовостиБеларуси". Замените, пожалуйста, адрес сайта Хартии в закладках. Для перехода на новый сайт нажмите здесь.
Суд адмяніў прысуд супраць дырэктара школы-інтэрната 11:02, 22/03/2007
Пра гісторыю дырэктара Мсціслаўскай школы-інтэрната Леаніда Георгіевіча Багатырова газеты ўжо пісалі. Шэсць гадоў таму адна з падапечных дырэктара сірата Алеся Гайшун паехала ў Італію на лячэнне па запрашэнні адной італьянскай сям’і. Дазвол быў аформлены ўсяго на некалькі месяцаў, але дзяўчынка дагэтуль жыве ў Рыме, праз тры месяцы ёй спаўняецца 18 гадоў. Італьянцы, не дачакаўшыся яе афіцыйнага ўсынаўлення ў Беларусі, у Італіі аформілі на яе апеку. А Леаніда Багатырова ўлетку мінулага года пасадзілі ў турму, прызнаўшы вінаватым у... выкраданні чалавека.
Ніводная касацыйная скарга Багатырова не была прынятая, ён прайграў два суды ў Магілёве, хоць супраць яго «саўдзельнікаў» – супрацоўнікаў дабрачыннага фонду, праз які яна з’ехала ў Італію, – расследаванне было спыненае «за адсутнасцю складу злачынства».
Апошняй надзеяй Багатырова заставаўся Вярхоўны суд. Туды была накіраваная скарга. Чатыры месяца спатрэбілася галоўнай судовай інстанцыі Беларусі, каб разабрацца ў гэтай справе. У выніку Вярхоўны суд вынес свой пратэст, зазначыўшы, што довады супраць Багатырова галаслоўныя. У пятніцу, 16 сакавіка, у Магілёве прэзідыум абласнога суду адмяніў прысуд Мсціслаўскага суду і пастанова калегіі абласнога суду супраць яго і накіраваў справу на новы судовы разгляд у Мсціслаў.
– Але ў рашэнні гаворыцца, што склад суду павінен быць іншым, – сказаў адвакат Багатырова Зміцер Гарачка. – У гэты самы дзень было прынятае яшчэ адно рашэнне – яму змянілі меру спынення на падпіску аб нявыездзе. Думаю, што на гэтым тыдні ён ужо будзе дома.
– Але падпіска аб нявыездзе гэтае яшчэ не апраўданне.
– Я лічу, што ніякіх доказаў, якія сведчаць пра вінаватасць Леаніда Георгіевіча, няма. На гэтым і буду настойваць у судзе.