Вы находитесь на старой версии сайта "Хартия'97 - НовостиБеларуси". Замените, пожалуйста, адрес сайта Хартии в закладках. Для перехода на новый сайт нажмите здесь.
Міністр энергетыкі: Беларуская эканоміка не здолее без продажу «Белтрансгаза» 14:49, 23/03/2007
Падвышэнне цэнаў на пастаўляны ў 2007 годзе ў Беларусь расейскі газ не самым лепшым чынам адбілася на беларускай эканоміцы, прызнаў міністр энергетыкі Аляксандр Азярэц. “Беларуская эканоміка дагэтуль не здолела адаптавацца да працы ва ўмовах падвышэння цэнаў на газ у 2,4 разы”, – сказаў Азярэц журналістам.
Па яго словах, “цяпер Беларусь аплачвае толькі 55% цяперашніх паставак газу”, і па заканчэнні 1-га паўгоддзя будзе “падведзены баланс разлікаў і будзе відаць, у якога боку ёсць запазычанасць”.
Тым самым Азярэц яшчэ раз пацвердзіў намер Рэспублікі Беларусь прадаць сваю долю ў ААТ “Белтрансгаз”. Беларускі бок разлічвае пакрыць свой доўг за расейскі газ за кошт узносу расейскага боку за акцыі “Белтрансгаза”, паведамляе АФН.
Нагадаем, што расейскі ААТ “Газпром” паводле падпісанага пагаднення аб куплі 50% пакета ААТ “Белтрансгаз” да 1 чэрвеня павінен пералічыць у бюджэт Беларусі 625 млн. USD за першыя 12,5% акцый.
Пры гэтым, што будзе рабіць Беларусь у 2 паўгоддзі, калі ўзносаў за акцыі “Белтрансгаза” чакаць будзе няма ад каго, Азярэц не сказаў.
Тое, што падвышэнне цэнаў на расейскі газ сталася цяжкім ударам для эканомікі, пацвердзіў і гендырэктар “Белтрансгаза” Дзмітрый Казакоў.
“Гэта стала цяжкім ударам, – сказаў ён. – Але кантракт падпісаны, цана абумоўленая, і мы спадзяемся што рознагалоссяў з расейскім бокам не будзе”.
“Мы прайшлі цяжкі шлях па ацэнцы “Белтрасгаза”. Тая ацэнка прадпрыемства, якая была вызначаная галандскім банкам “ABN Amro” (5 млрд. USD) змяшчае ў сабе ўсе прагнозныя паказчыкі. Яна змяшчае ў сабе планаваныя аб’ёмы транзіту газу цераз тэрыторыю Беларусі, а таксама тарыфу за гэты транзіт”, – сказаў ён.