Вы находитесь на старой версии сайта "Хартия'97 - НовостиБеларуси". Замените, пожалуйста, адрес сайта Хартии в закладках. Для перехода на новый сайт нажмите здесь.
У Расеі ліквідавалі партыю Уладзіміра Рыжкова 13:09, 23/03/2007
Вярхоўны суд Расеі ў пятніцу, 23 сакавіка, ліквідаваў Рэспубліканскую партыю Расеі. Суд задаволіў пазоў Федэральнай рэгістрацыйнай службы (ФРС), якая дамагалася ліквідацыі адной з найстарэйшых расейскіх партый на той падставе, што яе дзейнасць не адпавядае закону «Аб палітычных партыях».
Па законе, у партыі павінна быць не менш за 50 тысяч сяброў і як мінімум 45 рэгіянальных аддзяленняў па 500 чалавек. У ФРС лічаць, што Рэспубліканская партыя не задавальняе абодвум патрабаванням. На меркаванне службоўцаў, у ёй ёсць усяго 39,5 тысячы сяброў і адчыненыя толькі 33 аддзяленні колькасцю больш як 500 чалавек, паведамляе РІА “Новости”.
Разгляд заявы ФРС пачаўся ў Вярхоўным судзе ў чацвер, 22 сакавіка. Доказы памылковасці высноў рэгістрацыйнай службы – спісы сяброў партыі і іх заявы – "рэспубліканцы" даставілі ў суд у пяці скрынках. У РПР лічаць, што ў партыі 58 тысяч сяброў, а іх падлік вёўся з парушэннямі.
Пакідаючы Вярхоўны суд у чацвер, 22 сакавіка, сустаршыня Рэспубліканскай партыі Уладзімір Рыжкоў называў у якасці аднаго з галоўных вынікаў паседжання тое, што "атрымалася даказаць" "адвольны рэжым" праверак, якія праводзіць ФРС. У пятніцу, 23 сакавіка, бакі павінны былі агучыць заключныя рэплікі.
Пакуль зачытаная толькі рэзалютыўная частка рашэння. Зрэшты, Рыжкоў ужо заявіў пра намер абскардзіць вердыкт Вярхоўнага суду ў Страсбургу. На яго меркаванне, расейскі суд не даследаваў у поўнай меры доказы, прадстаўленыя РПР.
Рэспубліканская партыя створаная ў 1990 годзе. Непрыемнасці з рэгістрацыйнай службай Рыжкоў звязвае з тым, што партыя "не бегае ў Крэмль", а сам ён уваходзіць у апазіцыйную кааліцыю “Другая Россия”.
Па выніках леташняй праверкі ФРС палічыла неадпавядальнай закону Аб палітычных партыях дзейнасць 12 арганізацый. РПР стала шостай партыяй, якая ліквідуецца па рашэнні Вярхоўнага суду. Раней тая самая доля спасцігла Еўразійскі Саюз, Народна-рэспубліканскую партыю, Партыю развіцця рэгіёнаў Прырода і грамадства, Партыю сацыяльнай абароны і Саюз людзей за адукацыю і навуку.