Вы находитесь на старой версии сайта "Хартия'97 - НовостиБеларуси". Замените, пожалуйста, адрес сайта Хартии в закладках. Для перехода на новый сайт нажмите здесь.
Амбасадар ФРГ мае намер назіраць за падзеямі 25 сакавіка ў Менску 14:19, 23/03/2007
Надзвычайны і Паўнамоцны амбасадар Нямеччыны ў Беларусі Марцін Хекер мае намер назіраць за падзеямі 25 сакавіка ў Менску. “Я ведаю, што для шматлікіх грамадзянаў вашай краіны гэты дзень з’яўляецца знакам надзеі на незалежную, дэмакратычную Беларусь”, – сказаў М.Хекер 21 сакавіка падчас онлайн-канферэнцыі на партале tut.by. Нямеччына, нагадаем, цяпер старшынствуе ў Еўрапейскім Звязе.
“Патрабаванні, якія ЕЗ высоўвае сёння, засталіся ранейшымі, – заявіў Марцін Хекер. – Ніхто ў ЕЗ не выступае за адмову ад гэтых патрабаванняў. Пакуль яшчэ занадта рана казаць пра “супрацоўніцтва” з беларускім кіраўніцтвам”. Па словах дыпламата, прадстаўлены ў лістападзе Еўракамісіяй план дзеянняў “Што можа даць Еўразвяз Беларусі” – працяг намаганняў, распачатых ЕЗ цягам папярэдніх гадоў.
М.Хекер адзначыў, што візавыя санкцыі, уведзеныя ЕЗ супраць вышэйшага кіраўніцтва Беларусі, не закранаюць радавых грамадзянаў. “Яны тычацца непасрэдна асоб, якія нясуць палітычную адказнасць, – падкрэсліў дыпламат. – Іншых санкцый супраць Беларусі няма”.
Дыпламат таксама падкрэсліў, што Нямеччына і яе партнёры па ЕЗ цягам некалькіх гадоў выступаюць супраць парушэння правоў чалавека і дэмакратычных стандартаў Беларусі. “Так будзе і ў будучыні, – заявіў М.Хекер. – Беларусь, як амаль непасрэдны сусед, для нас надзвычай важная”. Ён падкрэсліў, што хоча бачыць Беларусь адкрытай, дэмакратычнай краінай, якая знойдзе сваё месца ў Еўропе.
Амбасадар таксама адзначыў, што стасункі паміж Беларуссю і Нямеччынай “па-рознаму развіваюцца на розных узроўнях”. “Шмат кантактаў паміж людзьмі, <...> паміж нашымі краінамі ў рамках гуманітарных чарнобыльскіх праектаў, – сказаў М.Хекер. – Мы хочам захоўваць і развіваць гэтыя кантакты. Важным застаецца абмен студэнтамі. Мы асабліва зацікаўленыя ў тым, каб маладыя людзі з Беларусі ездзілі ў Нямеччыну і атрымоўвалі ўласнае ўяўленне пра жыццё ў нашай краіне”. Амбасадар падкрэсліў, што больш цеснае супрацоўніцтва з беларускім урадам будзе магчымае толькі пры ўмове, калі Беларусь пераадолее сваю самаізаляцыю. М.Хекер заявіў, што Нямеччына будзе і надалей у сілу сваіх магчымасцяў падтрымліваць грамадзянскую супольнасць Беларусі.