Вы находитесь на старой версии сайта "Хартия'97 - НовостиБеларуси". Замените, пожалуйста, адрес сайта Хартии в закладках. Для перехода на новый сайт нажмите здесь.
Стыхійны бунт на аўтарынку ў Ждановічах 11:57, 24/03/2007
Увечары 23 сакавіка прадаўцоў аўтамабіляў, прыгнаўшых сваіх “жалезных коней” на продаж на ранак у Ждановічы, чакаў непрыемны сюрпрыз. Адміністрацыя рынка абвясціла пра падвышэнне цэнаў для ўезда на гандлёвую пляцоўку з 15 да 20–25 тысяч рублёў.
25 тысяч трэба было заплаціць, каб заехаць на пляцоўку ўвечары ў пятніцу (як паступае пераважную большасць прадаўцоў). А да 20 тысяч уезд падаражэў у самы кірмашовы дзень – суботу. Зрэшты, па гэтай цане на рынак патрапілі адзінкі – пляцоўка традыцыйна забіваецца чатырохколавым таварам ужо ў ноч з пятніцы на суботу.
На аўтарынку ў Ждановічах найперш прадстаўленыя аўтамабілі па “народных” цэнах – для тых, хто хоча набыць недарагую ўжываную інамарку. Прадаўцы, якія гандлююць такім таварам, лічаць кожную сотню рублёў. Таму, рашэнне адміністрацыі рынку падвысіць уязныя цэны, выклікала абурэнне ўсіх, хто прыехаў учора ўвечары на рынак.
Угневаныя прадаўцы спрабавалі тэлефанаваць на ўсе тэлеканалы, каб паклікаць журналістаў, патрабавалі прыезду адміністрацыі рынку і прадстаўнікоў мясцовых улад, каб тыя далі хоць нейкія тлумачэнні. Аднак, да аўтамабільнай пробкі, якая перагарадзіла практычна ўсю вуліцу Ціміразева, уздоўж якой размяшчаецца рынак, ніхто так і не прыехаў. Гавораць, нібыта, дырэктар рынку здалёку паглядзеў на зборышча людзей і машын, але так і не падышоў да тых, што пратэстуюць.
Пасля чатырох гадзін бескарыснага стаяння перад варотамі прадаўцы ўсё-ткі пачалі заганяць аўтамабілі на гандлёвую пляцоўку. Ужо па новых цэнах.