Вы находитесь на старой версии сайта "Хартия'97 - НовостиБеларуси". Замените, пожалуйста, адрес сайта Хартии в закладках. Для перехода на новый сайт нажмите здесь.
Нацыянальныя сьцягі над Віцебскам (Фота) 12:57, 24/03/2007
Каля 9-й вечара 23-га сакавіка віцебскія мінакі заўважылі бел-чырвона-белы сьцяг над будынкам політэхнічнага ліцэю №1 на вуліцы Леніна. Праз колькі хвілін будынак абкружылі міліцыянты, якія зьехаліся на чатырох службовых машынах, і нават у дварох праз вуліцу зьявіліся супрацоўнікі ў форме і ў цывільным.
Міліцыянты пільна прыглядаліся да мінакоў на вуліцы і фатаграфавалі сьцяг у розных ракурсах. Але паўтарыць учынак ды ўзьняцца на дах чатырохпавярховага будынку міліцыянтам удалося толькі праз паўтары гадзіны. За гэты час да ліцэю пад`ехалі прадстаўнікі адміністрацыі і адчынілі для супрацоўнікаў міліцыі тэхнічны выхад на гарышча, паведаміла “Радыё Свабода”.
Каля 23-й вечара яшчэ адзін бел-чырвона-белы сьцяг зьявіўся на выезьдзе зь Віцебску ў бок Полацку – прыкладна за паўкілямэтра ад канцавога трамвайнага прыпынку на вуліцы Цітова. Гэтым разам сьцяг быў прымацаваны над шашой, на электрычных дратох пад напружаньнем 110 тысяч вольт.
Паводле пэўных крыніц, да абодвух сьцягоў былі прымацаваныя запіскі: да першага са словамі "Бел-чырвона-белы сьцяг пакажа нам дарогу", а да другога – з заклікам "Рыхтуйся бараніць Радзіму!". Подпіс паўсюль быў той самы: "Мірон".