Вы находитесь на старой версии сайта "Хартия'97 - Новости Беларуси". Замените, пожалуйста, адрес сайта Хартии в закладках. Для перехода на новый сайт нажмите здесь.
Хартыя'97
english version | форум | русская версия
навiны  |  акцыi  |  фотакронiка  |  гучныя справы  |  дакумэнты  |  падшыўка  |  праекты  


 АРХIЎ 
1998-2002

 АРХIЎ 

ПнАўСрЧцПтСбНд
      1 2 3 4
5 6 7 8 9 10 11
12 13 14 15 16 17 18
19 20 21 22 23 24 25
26 27 28 29 30 31  




 ПОШУК 

прасунуты пошук


 ПРАЕКТЫ 


УСЕ ПРАЕКТЫ
 ПАДПIСКА 

Рассылка

Content.Mail.Ru

 РЭКЛЯМА 

 РЭКЛЯМА 




 НАВIНЫ 



ЗА СВАБОДУ!
20:54, 25/03/2007

Больш як 10 тысяч беларусаў узялі сёння ўдзел у святкаванні Дня Волі ў Менску. 89-ую гадавіну Беларускай Народнай Рэспублікі адзначылі масавымі шэсцямі і мітынгамі. За акцыяй апазіцыі ў Менску назірала Еўропа, якая святкавала ў гэты самы дзень 50-годдзе стварэння Еўрапейскага Звяза. У якасці назіральнікаў у Менск прыехалі віцэ-прэзідэнт Еўрапейскага Парламента Януш Анышкевіч, дэпутаты Еўрапарламента, парламентаў Польшчы, Славакіі, Нямеччыны, лідэр Саюза Правых Сіл (Расея) Мікіта Бялых, дэпутат Дзярждумы Расеі Уладзімір Рыжкоў, прысутнічалі амбасадары краін Еўразвяза і ЗША.

Улады не дазволілі людзям адзначыць нацыянальнае свята ў цэнтры горада, сагнаўшы на Кастрычніцкую плошчу і яе наваколля супрацоўнікаў міліцыі і спецназа, і арыштаваўшы прэвентыўна больш за сотню апазіцыянераў.

Цэнтр горада быў блакаваны з самай раніцы. Падыходы да Кастрычніцкай плошчы, дзе мусіла адбыцца акцыя, былі закрытыя. Станцыя метро і прылеглыя да плошчы падземныя пераходы – перакрытыя. Рэстарацыі, кафэ, буйныя крамы, якія знаходзіліся побач з месцам, дзе павінна была прайсці акцыя, нават не адчыняліся. Відавочна, улады баяліся паўтору падзей мінулага года, калі дзесяткі тысяч менчукоў стаялі на плошчы, пратэстуючы супраць фальсіфікацыі выбараў.

Абсурд пагоршыла тое, што праз спецыяльныя агароджы, якімі была абнесеная плошча, маглі прайсці толькі менчукі, у якіх былі білеты на балет “Лебядзінае возера”, што пачаўся ў 13.30 у Палацы Рэспублікі.

Тым не менш, людзі сталі збірацца недалёка ад перакрытай плошчы, каля ГУМа. Калі месца стала не хапаць, дэманстрантаў пачалі выціскаць далей ад Кастрычніцкай плошчы. Лідэр дэмакратычных сілаў Аляксандр Мілінкевіч цераз мегафон паспеў павіншаваць беларусаў з Днём Волі. Ён заклікаў міліцыю не перашкаджаць мірна адзначаць нацыянальнае свята. Тым не менш, заклікі не былі пачутыя.

Супрацоўнікі Палка міліцыі спецыяльнага прызначэння (былы АМАП) пачалі пхаць людзей у спіны дубінкамі і кулакамі. З праспекта Незалежнасці дэманстрантам давялося сысці на вуліцу Гарадскі Вал. Людзі спрабавалі прайсці на плошчу праз вуліцу Інтэрнацыянальную, аднак і там быў выстаўлены міліцэйскі ланцуг. Міліцыянты паводзілі сябе жорстка і бесцырымонна. Аляксандр Мілінкевіч, які спрабаваў упэўніць іх прапусціць людзей у цэнтр горада, быў збіты.

У гэты час людзі пачалі збірацца таксама з іншага боку Кастрычніцкай плошчы – каля будынку Белдзяржцырку. Іх таксама не пускалі на плошчу. У гэтай частцы горада кіраваў камандзір спецназу ўнутраных войскаў Дзмітрый Паўлічэнка з сваёй брыгадай. І Паўлічэнка, і камандзір ПМСП Юры Падабед, які камандаваў "зачысткай" каля ГУМа, знаходзяцца сёння ў “чорных спісах” неўяздных у краінах ЕЗ і ЗША з прычыны падазрону ў дачыненні да выкраданняў лідэраў беларускай апазіцыі і разгонаў мірных дэманстрацый.

Да 13 гадзін дня калона, якая рухалася з праспекта Незалежнасці, здолела прайсці па вуліцы Няміга і павярнуць на праспект Пераможцаў. Аднак праходы да Палаца Спорту і на вуліцу Багдановіча былі блакаваныя. Мірныя дэманстранты, якія прыйшлі на свята з кветкамі, стаялі перад экіпіяванымі дубінкамі “амапаўцамі” і заклікалі іх не здзяйсняць злачынства і прапусціць людзей на праспект, даць ім магчымасць годна адзначыць свята. Людзі нават паднялі рукі, паказваючы міліцыі, што яны настроеныя мірна.

Тым не менш, заклікі пачутыя не былі. Мітынгуючых груба выціснулі ў двор кінатэатра “Масква”. Пры гэтым, адціскаючы людзей, міліцыянты ледзь не паразбівалі вітрыны рэстарацыяў, якія тут знаходзяцца.

Дэманстранты выйшлі на вуліцу Мельнікайтэ і невялікімі групамі пачалі дабірацца да Акадэміі Навук, куды ў гэты час рухалася другая калона людзей, якая сфармавалася каля Белдзяржцырка. Дэманстранты неслі бел-чырвона-белыя сцягі, сцягі ЕЗ, сцягі з гербам горада Менска, сцягі беларускіх палітычных партый і рухаў. У калонах таксама былі бачныя транспаранты “Свабоду палітвязням!”, “Свабоду Казуліну!”, “Беларусь у Еўропу!”.

Каля будынка Акадэміі Навук адбыўся масавы мітынг. Аляксандр Мілінкевіч павіншаваў усіх з Днём Волі і заявіў, што сёння беларусы прадэманстравалі, што яны хочуць жыць у незалежнай, свабоднай дзяржаве. Беларусы, якія сабраліся ў цэнтры Менска, віталі выступ Ангелы Меркель: “Сёння беларусы святкуюць Дзень Волі. Нашы думкі сёння з імі, і мы хочам ім сказаць: правы чалавека – гэта неад’емныя правы! Еўропа з вамі!” Гэтыя словы яна выказала на саміце кіраўнікоў дзяржаў–сябраў ЕЗ у Берліне. Там сёння адзначалі 50-годдзе Еўрапейскага Звяза.

У мітынгу таксама ўзялі ўдзел кіраўнікі Партыі БНФ, Аб’яднанай грамадзянскай партыі, віцэ-прэзідэнт Еўрапарламента Януш Анышкевіч, дэпутаты Сойма Польшчы, лідэры СПС (Расея) і партыі “Мусават” (Азербайджан).Падчас выступу на мітынгу віцэ-прэзідэнт Еўрапарламента адказаў на заявы беларускіх уладаў пра гатоўнасць супрацоўнічаць з Еўропай. Па словах Анышкевіча, “сёння я пераканаўся на ўласным досведу, што Беларусь – несвабодная краіна, што тут кіруе дыктатура”.

Пасля заканчэння мітынгу калона моладзі накіравалася ад Акадэміі Навук да Нацыянальнай бібліятэкі, дзе гэтым часам праходзілі афіцыйныя мерапрыемствы пад лозунгам “За незалежную Беларусь!”. Праўда, людзей на гэтыя мерапрыемствы прывозілі на аўтобусах – з школаў, заводаў, ВНУ. Аднак перамогай апазіцыі было тое, што ўпершыню за апошнія 13 гадоў улады прызналі свята 25 Сакавіка.

І зноў міліцыя паспрабавала перашкодзіць людзям прайсці па праспекце. Ад дэманстрантаў патрабавалі схаваць сцягі Еўразвяза і нацыянальныя сцягі. Было заяўленае, што канцэрт каля бібліятэкі “не для іх”. І тады моладзь пачала заклікаць міліцыянтаў прапусціць людзей, “не дзяліць нацыю на сваіх і чужых”, не выконваць абсурдныя і злачынныя загады, быць з народам і не сеяць варожасці. Супрацоўнікі ПМСП стаялі моўчкі і час ад часу паўтаралі, што “ім проста загадалі не пускаць людзей”. Тым не менш, пасля 15-хвілінных перамоваў з дэманстрантамі, міліцыя пайшла на саступкі. Людзі здолелі прайсці па праспекце да Нацыянальнай бібліятэкі. Афіцыйны канцэрт быў завершаны ў экстраным парадку. Вядучая Алена Спірыдовіч хуткагаворкай паведаміла, што “беларусы – за незалежнасць!” і канцэрт скончаны.

Калі да бібліятэкі прыйшлі дэманстранты, там ужо знаходзілася некалькі сотняў чалавек. Сцэна была пустая. На пляцоўку каля бібліятэкі былі выкліканыя палівальна-мыйныя машыны. На пляцоўку таксама прыбылі працаўнікі камунальных службаў у памяранцавых камізэльках, якія разам з міліцыяй выцеснілі людзей з плошчы.

Моладзевы лідэр Мікіта Сасім выйшаў на сцэну каля бібліятэкі і сказаў людзям: “Сёння, нягледзячы на ўсе перашкоды, мы даказалі, што мы – адна нацыя, якая хоча жыць у Еўропе, быць свабоднай і незалежнай. І што сёння не рабілі б улады, час нельга звярнуць назад, як нельга нас раз’яднаць. Мы – народ!”.


напicаць камэнтар

 СЁНЬНЯ 



 РЭКЛЯМА 



1998-2007 © Хартыя'97. E-mail: charter@charter97.org

Паважаныя кaлегi, нагадваем вам, што пад час выкарыстаньня матэрыялаў сайта спасылка на прэсавы цэнтар Хартыi'97 абавязковая

Рэкляма на сайце. Тэхнічная падтрымка webmaster@charter97.org.
Экспарт навiнаў , iнформэр



Rating All.BY Rambler's Top100
реклама: