|
|
||||||||||||||||||||
![]()
УСЕ ПРАЕКТЫ
|
Ірына Казуліна: «Я чакаю мужа кожны дзень і веру, што дачакаюся!» 15:06, 26/03/2007 — Па сутнасці ўсё Ваша папярэдняе жыццё было адносна спакойным, як кажуць за мужам. А потым першы раптоўны абвал: вызваленне Казуліна с пасады рэктара БДУ, узбуджэнне супраць яго крымінальнай справы. Справа гэта рассыпаецца ўшчэнт, аднак з таго моманту плынь жыцця самаго Аляксандра Уладзіслававіча, Ваша і ўсёй сям’і прынцыпова мяняецца. Якім чынам — на Ваша успрыняцце? Ці не сталася гэта мяжой паміж двумя прынцыпова рознымі жыццямі Казуліна, Вашай сям’і? — Не ўсё ў нашым жыцці было гладка і дагэтуль. Калі Аляксандр працаваў на пасадзе рэктара, яму не раз прыходзілася “трымаць удар”, каб абараніць інтарэсы БДУ. Задоўга да вызвалення яго з пасады было відовочна, што ад яго пастараюцца пазбавіцца. Казулін не ўмее скарацца. І гэта вельмі не падабаецца многім людзям, асабліва пры ўладзе. І калі выйшаў указ прэзідэнта аб скасаваніі артыкула ў Статуце БДУ, па якому рэктара выбірае вучоны савет, гэта было прамым знакам, што мужа скора звольняць з працы. Цікава, што не так даўно ў размове з адной маладой журналісткай высветлілася, што ў яе асяроддзі гэта было ўспрынята, як дапамога Казуліну з боку Лукашэнка. Калі вы памятаеце, Казуліна “адпраўлялі” ў ААН. Яму зрабілі такую рэкламу па беларускаму тэлебачанню. І ўсё было падпісана. Заставалася толькі на дакументах паставіць апошні подпіс. Я адпраўляла мужа са сціснутым сэрцам, бо мы вырашылі, што ён паедзе ў ЗША адзін. Наша малодшая дачка вучылася ў 11-м класе і рыхтавалася да паступлення Ў БДУ. Я павінна была быць разам з ёй. І калі Аляксандр вярнуўся і сказаў, што ён застаецца дома, нашай радасці не было канца. Я не ведаю, як мы перажылі гэта вар’яцтва з золатам, са скандалам на тэлебачанні, у “Советской Белорусии”. Да мяне сталі даходзіць плёткі, што ў нас у кватэры залатыя краны. Жах! Было цяжка ў гэты час захаваць спакой у сям’і і ў сваёй душы. Толькі дзякуючы Аляксандру нам гэта ўдалося. Ён заўсёды нясе з сабой спакой і ўпэўненасць. — Са службовай асобы першага ранга Аляксандр Казулін становіцца аппанентам улады, чым далей, тым больш рэзкім і прынцыповым? Становіцца адкрытым аппазіцыйным палітыкам: старшынёй Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі (Грамады), урэшце вылучаецца кандыдатам у прэзідэнты на выбарах 2006 г. Як успрынялі Вы, Вашы дочкі, Вольга і Юля, гэты паварот? Проста забяспечвалі тыл, ці сталі актыўнымі ўдзельнікамі яго спраў? — Заўсёды вельмі складанае пытанне: як дапамагчы любімаму чалавеку, і ў той жа час не ахвяраваць сваімі ўласнымі інтарэсамі, сваёй працай... Мне вельмі не хацелася, каб муж ішоў у палітыку. Але я разумела, што ён ужо прыняў рашэнне. І гэта не проста словы, а лёсавырашальны крок. Вольга і Юля, я думаю, не разумелі, што азначае татава рашэнне наконт выбараў. Для іх гэта было больш як прыгода. Яны і падумаць не маглі, што такой жорсткай можа быць “узнагарода” за грамадзянскую мужнасць у нашай роднай краіне. — Выбарчая кампанія Аляксандра Казуліна была яркай і неардынарнай, тым не менш дастаткова доўга з вуснаў часткі апазіцыянераў гучала абвінавачванне ў яго бок, як аб “праекце улады”. На Ваша ўражанне: Казулін пайшоў у палітыку па нейкіх асабістых матывах ці па прынцыповых? — Мы ўсе жывем па правілах, напісаных і не напісаных. Калі чалавека гэтыя правілы не задавальняюць, ён альбо скараецца і церпіць, альбо перастае ім падпарадкоўвацца. А ёсць людзі, якія вырашаюць гэтыя правілы змяніць. Мой муж — такі чалавек. У палітыку Аляксандр пайшоў не ў гульні гуляць. І гэтага не заўважыў падчас выбораў толькі той, хто не хацеў бачыць. Я толькі зараз зразумела, як цяжка яму было! Але мы яму не маглі дапамагчы, таму ён ніколі не жаліўся. Помню, як аднойчы ён сказаў мне пра “праект улады”, з усмешкай, як бы між іншым... Я тады адказала: “Што за глупства!” І нават не магла ўявіць, як яго блакавалі! З усіх бакоў. Але Казулін — чалавек выніку. Паставіў мэту — і пачаў працаваць на яе дасягненне. Не заўсёды гэта даецца скора і лёгка. Галоўнае — трэба ісці да мэты, не зважаючы на перашкоды. — Сёння ўжо відавочна, што Казулін з тых нешматлікіх, нават ў гістарычным вымярэнні, палітыкаў, здольных не на словах, а на справе, ісці да канца, і не толькі на волі, але і ў турме. Яго 53-дзённая самаахвярная галадоўка падняла пытанне аб справах Беларусі да ўзроўню ААН. Ці думалі Вы, калі Казулін пашоў у палітыку, што гэта можа скончыцца турмой? Як Вы перажылі яго галадоўку, якая магла скончыцца трагічна? — Пра турму Аляксандр мяне папярэджваў. У нас ужо былі палтвязні ў краіне. Але мне казалася, што з намі такое не адбудзецца. У галаве не ўкладвалася думка, што кандыдата ў прэзідэнты будуць збіваць нагамі на вачах дзесяткаў людзей. Нават калі ішоў суд, і я разумела, што мужа асудзяць, нават не магла ўявіць, што на такі тэрмін. Я часта думаю, як устроена жыццё: як бы дрэнна не ішлі справы, памятай, што яны могуць пайсці яшчэ горш... Пад час галадоўкі мужа я кожную раніцу прасыналася і лічыла, які дзень ён ужо галадае. Калі пайшоў 41-ы дзень. 42-і..., здавалася валасы на галаве пачалі варушыцца. Нават сёння не магу да канца адказаць, як перажыла галадоўку Аляксандра. — У адным з інтэрв’ю ваша дачка Вольга сказала, што асновай ўсяго ў сям’і быў тата, а мама была як бы на другім плане, і раптам высветлілася, што мама вельмі моцны чалавек. Хаця, гэта і драматычна ў такой сітуацыі, але ці не адбыліся Вы як асоба менавіта зараз? Не толькі ў вачах грамадскасці, але і дочак? — Не скажу, што ўсё маё жыццё было такім салодкім, як людзям магло падацца. У нас доўга не было кватэры. Спачатаку мы сем з паловай гадоў жылі ў бацькоў Аляксандра, потым яшчэ шэсць — у інтэрнаце. Ва уласную кватэру мы пераехалі, калі мне было 32 гады. Праз пяць год я вельмі сур’ёзна захварэла. Мне здаецца, у той час я таксама давала дзецям прыклад, як не скарацца лёсу. У 2000 годзе я вырашыла атрымаць другую вышэйшую адукацыю. Вельмі нялёгка было вучыцца ў БДУ у Міжнароднай школе бізнесу і менэджменту тэхналогіі. Выкладанне вялося выключна на ангельскай мове. На наш курс паступіла 54 чалавекі. А дыпломы магістра праз два гады атрымалі толькі 26. Можна таксама было сказаць сабе:”Навошта гэта трэба?”. І сыйсці. Але тады я б перастала сябе паважаць. Зато потым усе так ганарыліся маім дыпломам! Я не думаю, што змянілася пасля арышта мужа. Проста я была вымушана ўвайсці ў наша інтэнет-поле, каб даваць інфармацыю пра Аляксандра, звяртацца да людзей. Гэта мой абавязак. І галоўнае, што зразумелі нашы дачушкі — ні пры якіх умовах здавацца, жаліцца, чакаць спачування. Прымай тое, што даецца на тваім шляху і дзейнічай, як падказвае табе сэрца. — Паводзіны самаго Аляксандра Казуліна, яго галадоўка адгукнуліся моцнай кампаніяў салідарнасці за яго вызваленне, асабліва на міжнародным ўзроўні. Але ў цэнтры гэтай кампаніі – Вы. І разам з тым, што імпануе грамадскасці, Вы змагаецеся не толькі за вызваленне мужа, але і усіх палітычных вязняў. І вы не ірвецесе да нейкай самастойнай палітычнай ролі, наадварот, адхрышчываецеся ад яе як толькі можаце? Чаму? Гэта пазіцыя ці лад душы? Вы верыце ў хуткае вызваленне мужа? — Не магу з вамі згадзіцца. У цэнтры гэтай кампаніі — Беларусь і Аляксандр Казулін. Я толькі рэтранслятар яго думак, каментатар той ці іншай падзеі. Наўмысна не хачу ўцягвацца ў палітыку, бо гэта не маё. А палітзняволеныя — усе несправядліва пацярпелыя. Іх нельга раздзяляць. Не скажу, што я замкнуты чалавек. Спрабую працаваць у грамадскай арганізацыі дапамогі жанчынам, якія хварэюць на рак малочнай залозы. Пакуль што асаблівых поспехаў не маю. Вы ж ведаеце, як не проста працаваць недзяржаўным арганізацыям. Але я буду займацца гэтам, бо праблема захворвання жанчын патрабуе вялікай работы. Наконт вызвалення мужа магу прызнацца: я чакаю яго кожны дзень. Аднойчы, яшчэ да суда, мне здалося раніцай, што яго выпускаюць з Валадаркі. Я ўсхапілася, пачала здымаць шторы, мыць вокны, прыбіраць... Я чакаю мужа кожны дзень і веру, што дачакаюся значна раней, чым вырашыў суддзя. Бо ўсё у руках зусім не гэтага суддзі... — Як сказала адна наша чытачка, “чыста бабскае пытанне”: “За што жывеце?” І пытанне ад другой чытачкі: “Ходзяць чуткі аб сур’знай хваробе Ірыны Іванаўны, якая дала рэцыдыў пасля арышта мужа. Ці так гэта?” — Вельмі зразумелае пытанне, бо кожная жанчына, паставіўшы сябе на маё месца, у першую чаргу падумае, за что жыць. На сваю зарплату я б не пражыла. Мне дапамагаюць сябры, нават тыя, хто калісці адышоў ад нашай сям’і. Хаця мы заўсёды ведалі, што гэтыя людзі душой з намі. Проста тады любы кантакт з Аляксандрам мог ім каштаваць працы альбо бізнесу. Але зараз яны мне дапамагаюць, і я ім вельмі ўдзячна. Наконт здароўя — хто з нас можа сказаць, што не мае праблемаў? Хваліцца няма чым і мне. Але кожны дзень я маю шчасце бачыць сваіх дзяцей і ўнука, пісаць лісты любімаму чалавеку, а калі-нікалі і бачыць яго, шчасце мець бацькоў і сустракацца з імі, шчасце мець сяброў, шчасце бачыць, што пра Казуліна не забываюць. Я заўсёды на міжнародных сустрэчах прадстаўляюся: “Ірына Казуліна, жонка Аляксандра Казуліна”. І гэта ўся мая роля зараз.
1998-2007 © Хартыя'97. E-mail: charter@charter97.org Паважаныя кaлегi, нагадваем вам, што пад час выкарыстаньня матэрыялаў сайта спасылка на прэсавы цэнтар Хартыi'97 абавязковая Рэкляма на сайце. Тэхнічная падтрымка webmaster@charter97.org. Экспарт навiнаў
|