Вы находитесь на старой версии сайта "Хартия'97 - Новости Беларуси". Замените, пожалуйста, адрес сайта Хартии в закладках. Для перехода на новый сайт нажмите здесь.
Хартыя'97
english version | форум | русская версия
навiны  |  акцыi  |  фотакронiка  |  гучныя справы  |  дакумэнты  |  падшыўка  |  праекты  


 АРХIЎ 
1998-2002

 АРХIЎ 

ПнАўСрЧцПтСбНд
      1 2 3 4
5 6 7 8 9 10 11
12 13 14 15 16 17 18
19 20 21 22 23 24 25
26 2728 29 30 31  




 ПОШУК 

прасунуты пошук


 ПРАЕКТЫ 


УСЕ ПРАЕКТЫ
 ПАДПIСКА 

Рассылка

Content.Mail.Ru

 РЭКЛЯМА 

 РЭКЛЯМА 




 НАВIНЫ 



Зміцер Бандарэнка: «Краіна знаходзіцца на парозе рашучых пераменаў»
17:24, 27/03/2007

“Апазіцыя паказала сваю канкурэнтаздольнасць. Нягледзячы на тое, што афіцыйныя мерапрыемствы рыхтаваліся ў рэжыме найбольшай спрыяльнасці, а акцыя дэмакратычных сілаў ва ўмовах, мякка кажучы, процідзеяння, колькасць удзельнікаў на гэтых мерапрыемствах цалкам супастаўная”, – заявіў каардынатар Хартыі’97 Зміцер Бандарэнка, даючы ацэнку падзеям, якія адбыліся 25 сакавіка ў Менску.

– Як ацэньваеце святкаванне сёлета ў Беларусі Дня Волі?

– Поспехам можна лічыць тое, што ўпершыню апазіцыя прымусіла ўлады прызнаць 25 сакавіка як дзень станаўлення Незалежнасці Беларусі. Афіцыйныя канцэрты, якія задумваліся як спосабы адцягнення людзей ад акцый дэмакратычных сілаў, прайшлі не пад лозунгамі яднання з усходнім суседам, а “За незалежную Беларусь!”. І агульная колькасць беларусаў, якія ўзялі ўдзел у мерапрыемствах у падтрымку незалежнасці, склала некалькі дзесяткаў тысяч чалавек. З іншага боку, засмуціла тое, што ўлада ў адказ на прапанову лідэраў апазіцыі пачаць дыялог павярнулася да людзей пад бел-чырвона-белымі і еўрапейскімі сцягамі далёка не лепшым сваім бокам. Чаму для адных беларусаў, якія выступаюць за незалежнасць краіны – аўтобусы, кірмашы, прызы, рэклама па ўсіх каналах (ад ТВ да аб’яў у грамадскім транспарце), лепшая гукавая апаратура… Другім – запалохванні, арышты, сапраўдная “паляванне” каля дамоў і офісаў яшчэ напярэдадні акцыі, дубінкі і кулакі “амапаўцаў”, зноў-такі арышты і пагрозы падчас яе правядзення. Дзень Волі прадэманстраваў, акрамя звыклай шызафрэнічнасці ўлады, яшчэ і яе крайнюю няўпэўненасць у сабе.

– Яшчэ да правядзення акцыі ўлады ўзбудзілі крымінальную справу аб арганізацыі масавых беспарадкаў. Такое адбываецца ўпершыню...

– Па крымінальнай справе, узбуджанай пракуратурай напярэдадні 25 сакавіка, смела можна прыцягваць усё кіраўніцтва ГУУС, якое арганізавала небывалы хаос у сталіцы еўрапейскай дзяржавы. Перакрыццё дарог, дэманстратыўны прыезд на галоўную плошчу некалькіх перасоўных “турмаў”, перашкоды ў руху аўтатранспарту і пешаходаў, праявы агрэсіі і гвалту ў дачыненні менчукоў і госцяў горада, на мой погляд, і ёсць сапраўдная арганізацыя масавых беспарадкаў. Шэраговыя міліцыянты і амапаўцы самі разумелі абсурднасць усяго таго, што адбываецца.

– Як ацэньваеце арганізацыйную працу напярэдадні акцыі, праведзеную дэмакратычнымі сіламі?

– Апазіцыя паказала сваю канкурэнтаздольнасць. Нягледзячы на тое, што афіцыйныя мерапрыемствы рыхтаваліся ў рэжыме найбольшай спрыяльнасці, а акцыя дэмакратычных сілаў ва ўмовах, мякка кажучы, процідзеяння, колькасць удзельнікаў на гэтых мерапрыемствах цалкам супастаўная. Абсалютна зразумела, што калі б прыхільнікам дэмакратыі проста дазволілі сабрацца на Кастрычніцкай плошчы, то людзей там было б ні як не менш, а, магчыма, нават больш за леташняе 19 сакавіка. Я сам бачыў, як тысячы людзей найперш з дзецьмі, сыходзілі і раз’язджаліся з цэнтра горада, калі ўбачылі столькі міліцыі і спецназа ў баявым уборы. Людзі хацелі стаць удзельнікамі свята, а не баявых дзеянняў.

Самай высокай хвалы годныя тыя, хто прыйшоў на акцыю, хто яе рыхтаваў, хто патрапіў у турму за любоў да Беларусі. Гэта сапраўды смелыя і прыгожыя людзі. Час паказаў, што падзеі сакавіка мінулага года не былі выпадковымі. Беларускі супраціў стаў насамрэч масавым.

Калі ацэньваць дзеянні розных структур дэмакратычных сілаў, то асноўную працу па падрыхтоўцы Дня Волі выканалі актывісты грамадзянскай кампаніі “За Свабоду!” (дакладней, яе “джынсавага” крыла) і Беларускага Народнага Фронту, моладзевыя актывісты іншых арганізацый і ініцыятыў. Годна выглядаў Аляксандр Мілінкевіч, але як асоба, бо яго штаб падрыхтоўку да акцыі проста праваліў. У цэлым правыя сілы апазіцыі могуць занесці Дзень Волі ў свой актыў.

Спадзяюся, што Саюз левых партый прадэманструе свае магчымасці і ўплыў 1 траўня. Тады можна будзе выходзіць на сапраўды магутны і ўплывовы Кангрэс дэмакратычных сілаў.

– Напярэдадні 25 сакавіка Еўропа і ЗША заявілі, што акцыя ў Дзень Волі стане своеасаблівым “тэстам” для рэжыму Лукашэнкі. Тэст правалены?

– Так, Аляксандр Рыгоравіч тэста не прайшоў. Хоць, думаю, усе заўважылі, што настроі ва ўладзе змяніліся. Гэта абумоўлена найперш эканамічнымі складанасцямі, але таксама і агульнай міжнароднай пазіцыяй і ініцыятывамі апазіцыі, якая набірае сілу.

А ўявіце, можна было б на Кастрычніцкай плошчы ў гэты дзень арганізаваць сумеснае святкаванне, зрабіць сапраўды грандыёзны канцэрт, на які прыйшлі бы падтрымаць незалежную Беларусь і сто, і дзвесце тысяч чалавек. Гэта стала б сапраўды сусветнай падзеяй. Дапамагло б прыцягнуць так неабходныя цяпер краіне рэсурсы. Адкрыла б зусім іншыя магчымасці. На жаль, улада такі шанец згубіла. Гэта была дрэнная ідэя прысылаць Паўлічэнку і Падабеда для дыялогу з апазіцыяй.

– Ці азначае гэта, што цяперашняе кіраўніцтва краіны адмаўляецца ад дыялогу?

– Як каталік я кожную нядзелю, разам з сотнямі тысяч беларускіх хрысціянаў, людзьмі іншых веравызнанняў малюся за беларускія ўлады. За тое, каб Бог паслаў розум і мудрасць людзям, якія прымаюць рашэнні. Беларусы спадзяюцца, што людзі ва ўладных структурах усё-ткі прадэманструюць свае лепшыя якасці і не будуць дзяліць грамадзянаў на сваіх і чужых, на беларусаў першага і другога гатунку. Калісьці Лукашэнка прыйшоў да ўлады з ідэямі аднавіць Савецкі Саюз і вярнуць страчаныя ўклады грамадзянаў халадзільнікамі і тэлевізарамі. Атрымалася не вельмі. Сёння, у Дзень абвяшчэння Беларускай Народнай Рэспублікі, праводзяцца дзяржаўныя канцэрты “За незалежную Беларусь!”.

Нам усім неабходна быць цярплівымі і настойлівымі, быць гатовымі прабачаць і дзеля Беларусі ісці на пэўныя кампрамісы, не адыходзячы ад сваіх прынцыпаў. Трэба быць моцнымі. Усё магчыма. Краіна знаходзіцца на парозе рашучых пераменаў.




напicаць камэнтар

 СЁНЬНЯ 



 РЭКЛЯМА 



1998-2007 © Хартыя'97. E-mail: charter@charter97.org

Паважаныя кaлегi, нагадваем вам, што пад час выкарыстаньня матэрыялаў сайта спасылка на прэсавы цэнтар Хартыi'97 абавязковая

Рэкляма на сайце. Тэхнічная падтрымка webmaster@charter97.org.
Экспарт навiнаў , iнформэр



Rating All.BY Rambler's Top100
реклама: