Вы находитесь на старой версии сайта "Хартия'97 - НовостиБеларуси". Замените, пожалуйста, адрес сайта Хартии в закладках. Для перехода на новый сайт нажмите здесь.
Журналіста аштрафавалі за працу на замежныя СМІ 14:22, 27/03/2007
Гомельскі журналіст Анатоль Гатоўчыц, карэспандэнт недзяржаўнага інфармагенцтва БелаПАН, пакараны штрафам – 2 базавыя велічыні. Яго абвінавацілі ў “незаконным ажыццяўленні дзейнасці ў інтарэсах замежных СМІ”. Суддзя вынесла рашэнне цягам 15 хвілін пры адсутнасці публікі, – паведамляе служба маніторынгу БАЖ.
26 сакавіка ў судзе Цэнтральнага раёна Гомеля была разгледжана адміністрацыйная справа ў дачыненні журналіста Анатоля Гатоўчыца. Яго абвінавачвалі ў парушэнні правілаў журналісцкай дзейнасці ў адпаведнасці з артыкулам 40 “Закона аб друку і іншых СМІ”, а таксама Палажэння Савета міністраў ад 1997 года аб дзейнасці замежных СМІ ў Рэспубліцы Беларусь. У прыватнасці ў тым, што журналіст запісваў размовы, не папярэджваючы сваіх суразмоўцаў, прадстаўляўся журналістам БелаПАН, працуючы пры гэтым для іншых СМІ.
Суддзя Марына Дамненка паслядоўна адхіліла хадайніцтвы адваката аб тым, каб ў разглядзе справы ўзяў удзел сябра БАЖ з адукацыяй юрыста Леанід Судаленка, каб Леанід Судаленка выступіў у якасці сведкі. Суддзя двойчы адмовіла, каб у якасці сведак у суд былі выкліканыя службовыя асобы, у чыіх апытаннях, складзеных супрацоўнікамі КДБ па Гомельскай вобласці сцвярджаецца, што Анатоль Гатоўчыц не папярэджваў іх пра запіс размовы для публічнага карыстання.
Такім чынам, на разгляд справы не былі дапушчаныя актывісты грамадзянскіх арганізацый Гомеля і вобласці, а таксама журналісты – ўсяго лікам 21 чалавек. Анатоль Гатоўчыц намераны абскардзіць пастанову суда.